Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 96

Леў Мікалаевіч Талстой

— Аб’язджай... а-а-й... перадам! — крычалі з саней.

Васіль Андрэевіч стаў аб’язджаць. У санях сядзелі тры мужыкі і баба. Відаць, гэта ехалі госці са свята. Адзін з мужыкоў хвастаў дубцом засыпаны снегам зад коніка. Два другія, махаючы рукамі, штось крычалі ў перадку. Ухутаная баба, уся засыпаная снегам, натапыраная, моўчкі сядзела ззаду.

— Чые будзеце? — закрычаў Васіль Андрэевіч.

— А-а-а... скія! — толькі чуваць было.

— Чые, кажу?

— А-а-аскія! — з усяе сілы закрычаў адзін з мужыкоў, але і на гэты раз нельга было ўчуць, чые яны.

— Гані! Не здавай! — крычаў другі, не перастаючы малаціць дубцом па коніку.

— Са свята, мусіць?

— Пайшоў, пайшоў! Гані, Сёмка! Аб’язджай! Гані!

Сані стукнуліся адны аб адны адбоямі, ледзь не счапіліся, расчапіліся, і мужыцкія сані пачалі адставаць.

Калматы, увесь зацярушаны снегам, брухаты конік, цяжка дыхаючы пад нізкаю дугою, і, відаць, з апошніх сіл марна намагаючыся ўцячы ад дубца, чыкільгаў сваімі кароткімі нагамі па глыбокім снезе, падкідваючы іх пад сябе. Морда, відаць маладая, з падцягнутаю, як у рыбы, ніжняю губою, з шырокімі ноздрамі і прытуленымі ад страху вушамі, патрымалася колькі імгненняў ля Мікітавага пляча, потым стала адставаць.

— Вось што робіць гарэлка,— сказаў Мікіта.— Да рэшты замучылі коніка. Азіяты як ёсць!

Нейкі час яшчэ чуваць было сапенне замучанага коніка і п’яны крык мужыкоў, потым сціхла сапенне, потым змоўк і крык. I наўкола зноў нічога не стала чуваць, апрача пранізлівага ветру і зрэдку слабага рыпу палазоў па здзьмутых мясцінах дарогі.

Сустрэча гэтая развесяліла і падбадзёрыла Васіля Андрэевіча, і ён смялей, не разбіраючы тычак, пагнаў каня, спадзеючыся на яго.

Мікіту рабіць было нечага, і, як заўжды, калі ён знаходзіўся ў такой паставе, ён драмаў, наганяючы шмат недаспанага часу. Раптам конь спыніўся, і Мікіта ледзь не паваліўся, клюнуўшы носам.

— Аднак мы зноў нядобра едзем,— сказаў Васіль Андрэевіч.

— А што?

— Ды не відаць тычак. Мусіць, зноў збіліся з дарогі.

— Калі збіліся з дарогі, пашукаць трэба,— коратка сказаў Мікіта, устаў і зноў, лёгка ступаючы сваімі ўсярэдзіну выкручанымі ступнямі, пайшоў хадзіць па снезе.

Ён доўга хадзіў, знікаў з вачэй, зноў паяўляўся і зноў знікаў, нарэшце, вярнуўся.

— Няма тут дарогі, можа, наперадзе дзе,— сказаў ён і сеў у сані.

На зямлю пачынаў ужо ападаць прыцемак. Мяцеліца не набірала сілы, аднак і не сціхала.

— Хоць бы пачуць тых мужыкоў,— сказаў Васіль Андрэевіч.

— Бачыш, не дагналі, відаць, далёка збіліся. А можа, і яны збіліся,— сказаў Мікіта.

— Куды ж цяпер ехаць? — сказаў Васіль Андрэевіч.

— А трэба пусціць каня,— сказаў Мікіта.— Ён прывядзе. Давай лейцы.

Васіль Андрэевіч аддаў лейцы тым больш ахвотна, што рукі ягоныя ў цёплых пальчатках пачыналі мерзнуць.

Мікіта ўзяў лейцы і толькі трымаў іх, стараўся не варушыць імі, спадзяваўся на розум свайго ўлюбёнца. Сапраўды, разумны конік, круцячы то ў адзін, то ў другі бок, то адно, то другое вуха, стаў збочваць.