Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 100

Леў Мікалаевіч Талстой

— Каб хто правёў да завароткі,— сказаў Васіль Андрэевіч.

— Што ж, гэта можна,— сказаў старэйшы сын.— Пятруха запражэ ды і правядзе да завароткі.

— Дык запрагай, браток. А я ўжо аддзякую.

— Што ты, што ты, галубок! — сказала гасцінная бабка.— Мы рады душою.

— Пятруха, ідзі запражы кабылу,— сказаў старэйшы брат.

— Гэта можна,— сказаў Пятруха, усміхаючыся, сарваў з цвіка шапку і пабег запрагаць.

Пакуль запрагалі каня, размова перайшла на тое, на чым яна спынілася ў той час, калі Васіль Андрэевіч пад’ехаў да акна. Стары скардзіўся суседу-старасце на трэцяга сына, які не прыслаў яму нічога к святу, а жонцы прыслаў французскую хустку.

— Адбіваецца народ малады ад рук,— гаварыў стары.

— I як адбіваецца,— сказаў кум-сусед,— рады няма! Дужа разумныя парабіліся. Вунь Дзёмачкін — бацьку руку зламаў. Усё праз вялікі розум, відаць.

Мікіта прыслухоўваўся, углядаўся ў твары і, відаць, хацеў таксама прыняць удзел у размове, але ўвесь быў захоплены чаем і толькі ўхвальна ківаў галавой. Ён піў шклянку за шклянкаю, і яму рабілася ўсё цяплей і цяплей і прыемна, прыемна. Размова вялася доўга і ўсё пра адно і тое ж, пра шкоднасць падзелаў; і гаворка, мусіць, была не абстрактная, а справа тычылася падзелу ў гэтым доме,— падзелу, якога патрабаваў другі сын, які сядзеў тут жа і панура маўчаў. Відаць, гэта было балючае месца, і пытанне гэтае займала ўсіх дамашніх, але яны, каб захаваць прыстойнасць, пры чужых не разбіралі сваёй прыватнай справы. Але, нарэшце, стары не вытрымаў і са слязьмі ў голасе загаварыў пра тое, што дзяліцца ён не дасць, пакуль жывы, што хата ў яго дзякуй богу, а падзяліць — усе пойдуць з торбамі.

— Вось як Матвеевы,— сказаў сусед.— Была хата як хата, а падзялілі — ні ў кога нічога няма.

— Гэтак і ты хочаш,— звярнуўся стары да сына.

Сын нічога не адказаў, і запанавала цяжкое маўчанне. Маўчанне гэта перапыніў Пятруха, які запрэг ужо каня і за колькі хвілін перад гэтым вясёлы вярнуўся ў хату.

— Дык вось у Пульсона ёсць байка,— сказаў ён,— даў бацька сынам венік зламаць. Адразу не зламалі, а па прутку — лёгка. Гэтак і яно,— сказаў ён, усміхаючыся на ўвесь рот.— Гатова! — дадаў ён.

— Калі гатова, то паедзем,— сказаў Васіль Андрэевіч.— А наконт дзяліцьбы ты, дзядуля, не здавайся. Ты нажываў, ты і гаспадар. Міравому падай. Ён растлумачыць парадак.

— Гэтак фардыбачыць, гэтак фардыбачыць,— плаксівым голасам цягнуў сваё стары,— няма з ім ніякага ладу. Зусім ашалеў!

Мікіта тым часам дапіў пятую шклянку чаю, але ўсё роўна не перавярнуў яе дагары, а паклаў бокам, спадзеючыся, што яму нальюць яшчэ шостую. Аднак вады ў самавары ўжо не было, і гаспадыня болей не наліла яму, ды і Васіль Андрэевіч стаў апранацца. Рабіць не было чаго. Мікіта таксама ўстаў, паклаў назад у цукарніцу свой абкусаны з усіх бакоў кавалачак цукру, выцер крысом мокры ад поту твар і пайшоў апранаць халат.

Апрануўшыся, ён цяжка ўздыхнуў, падзякаваў гаспадарам і, развітаўшыся з імі, выйшаў з цёплае святліцы ў цёмныя, халодныя, замеценыя снегам і дзіравыя сенцы, якія гулі ад шалёнага ветру, а адтуль — у цемру падворка.