Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 116

Леў Мікалаевіч Талстой

Ужо ў абед на наступны дзень мужыкі адкапалі Васіля Андрэевіча і Мікіту за трыццаць сажняў ад дарогі і за паўвярсты ад вёскі.

Снегу намяло вышэй саней, але аглоблі і хустка на іх былі яшчэ відаць. Гняды па бруха ў снезе, са скінутай шляёй і зрэб’ем, стаяў увесь белы, прыціснуўшы мёртвую галаву да закасцянелага кадыка; ноздры абмерзлі ледзяшамі, вочы заінелі і таксама абмерзлі нібыта слязьмі. Ён схуднеў за адну ноч гэтак, што асталіся на ім толькі косці ды скура. Васіль Андрэевіч застыў, як марожаная туша, і як былі ў яго расстаўлены ногі, гэтак, разгіракаю, яго і адкінулі ад Мікіты. Ястрабіныя лупатыя вочы яго абмерзлі, і разяўлены рот ягоны пад кароткімі вусамі быў повен снегу. Мікіта ж быў яшчэ жывы, хаця і ўвесь абмарожаны. Калі Мікіту разбудзілі, ён быў упэўнены, што цяпер ён ужо памёр, і што тое, што з ім цяпер робіцца, адбываецца ўжо не на гэтым, а на тым свеце. Аднак калі ён пачуў галасы мужыкоў, якія адкапвалі яго і скідалі з яго адубелага Васіля Андрэевіча, ён спачатку здзівіўся, што на тым свеце гэтак жа крычаць мужыкі і гэткае ж цела, але калі зразумеў, што ён яшчэ тут, на гэтым свеце, ён хутчэй засмуціўся, чым узрадаваўся, асабліва калі адчуў, што ў яго пальцы на абедзвюх нагах адмарожаны.

Праляжаў Мікіта ў бальніцы два месяцы. Тры пальцы яму аднялі, астатнія загаіліся і ён мог працаваць, і яшчэ дваццаць гадоў жыў — спачатку парабкаваў, а потым, пад старасць працаваў вартаўніком. Памёр ён толькі сёлета дома, як і хацеў, пад абразамі і з запаленай васковай свечкай у руках. Перад смерцю ён прасіў сваю старую, каб яна даравала яму і дараваў ёй за бондара; развітаўся і з малым і з унукамі і памёр, шчыра радуючыся, што пазбаўляе сваёю смерцю сына і нявестку ад клопату лішняга хлеба і сам ужо па-сапраўднаму пераходзіць з гэтага абрыдлага яму жыцця ў тое іншае жыццё, якое з кожным годам і днём рабілася ўсё больш зразумелае і прывабнае. Лепш ці горш яму там, дзе ён, пасля гэтае сапраўднае смерці, прачнуўся? ці расчараваўся ён, ці знайшоў там тое самае, чаго чакаў? — мы ўсе хутка даведаемся.

1

гонар сям’і (франц.).

2

прадбач канец (лац.).

3

добры хлопец (франц.).

4

маладосць павінна перашалець (франц.).

5

праз капрыз (франц.).

6

збудаванне (франц.).

7

Віно, жанчыны і песні (ням.).

8

нарастаў (італ.).