Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 93

Леў Мікалаевіч Талстой

— Як ёсць,— сказаў Мікіта, уздыхнуўшы, і калі пераканаўся, што слухаць больш няма чаго, адпусціў каўнер, які адразу ж закрыў яму вуха і твар.

З паўгадзіны яны ехалі моўчкі. Вецер прадзімаў Мікіту бок і руку, дзе халат быў прадзёрты.

Ён паціскаў плячмі і дыхаў у каўнер, які закрываў яму рот, і яму ўсяму было не холадна.

— Што, як лічыш, на Карамышава паедзем ці проста? — спытаў Васіль Андрэевіч.

На Карамышава язда была па больш бойкай дарозе, пазначанай добрымі тычкамі ў два рады, аднак — далей. Проста было бліжэй, аднак дарога была мала наезджана і тычак не было або былі кепскія, занесеныя.

Мікіта крыху падумаў.

— На Карамышава хоць і далей, ды больш надзейна,— адказаў ён.

— Калі проста, дык толькі лагчыну праехаць не збіцца, а там лесам добра,— сказаў Васіль Андрэевіч, якому хацелася ехаць проста.

— Воля ваша,— сказаў Мікіта і зноў адпусціў каўнер.

Васіль Андрэевіч гэтак і зрабіў, ад’ехаў з паўвярсты і ля высокае дубовае галіны з сухім лісцем, якое матлялася ад ветру, звярнуў улева.

Вецер ад павароткі стаў ім амаль сустрэчны. I зверху пайшоў сняжок. Васіль Андрэевіч кіраваў, надзімаў шчокі і пускаў дух сабе знізу ў вусы. Мікіта драмаў.

Моўчкі гэтак яны праехалі хвілін з дзесяць. Раптам Васіль Андрэевіч загаварыў нешта.

— Чаго? — спытаў Мікіта, расплюшчваючы вочы.

Васіль Андрэевіч не адказваў і выгінаўся, паглядаючы назад і ўперад перад канём. Конь, які закучаравіўся ад поту ў пахвінах і на шыі, ішоў ступою.

— Чаго ты, кажу? — паўтарыў Мікіта.

— Чаго, чаго! — перадражніў яго Васіль Андрэевіч злосна.— Тычак не відаць! Мабыць, збіліся!

— Тады стой, я дарогу пагляджу,— сказаў Мікіта і, лёгка саскочыўшы з саней і выцягнуўшы пугу з-пад саломы, падаўся ўлева і з таго боку, з якога сядзеў.

Снег сёлета быў неглыбокі, таму ўсюды была дарога, але ўсё ж там-сям ён быў па калена і засыпаўся Мікіту ў бот. Мікіта хадзіў, мацаў нагамі і пугаю, аднак дарогі нідзе не было.

— Ну што? — сказаў Васіль Андрэевіч, калі Мікіта падышоў да саней.

— З гэтага боку няма дарогі. Трэба ў той бок пайсці пахадзіць.

— Вунь наперадзе штосьці чарнее, ты туды ідзі паглядзі,— сказаў Васіль Андрэевіч.

Мікіта пайшоў і туды, падышоў да таго, што чарнела,— гэта чарнела зямля, якая насыпалася з аголенае азіміны на снег і пафарбавала снег чорным. Мікіта пахадзіў і справа, вярнуўся да саней, абабіў з сябе снег, вытрас яго з бота і сеў у сані.

— Управа ехаць трэба,— сказаў ён рашуча.— Вецер мне ў левы бок быў, а цяпер проста ў морду. Пайшоў управа! — рашуча сказаў ён.

Васіль Андрэевіч паслухаў яго і ўзяў управа. Аднак дарогі ўсё не было. Яны праехалі гэтак колькі часу. Вецер не сунімаўся, пайшоў сняжок.

— А мы, Васіль Андрэевіч, мусіць, зусім збіліся,— раптам сказаў Мікіта нібы з радасцю.— Гэта што? — сказаў ён, паказваючы на чорны бульбянік, які тырчаў з-пад снегу.

Васіль Андрэевіч спыніў потнага каня, які цяжка вадзіў крутымі бакамі.

— А што? — спытаў ён.

— А тое, што мы на захараўскім полі. Вунь куды заехалі!

— Маніш? — адгукнуўся Васіль Андрэевіч.

— Не маню я, Васіль Андрэевіч, а праўду кажу,— сказаў Мікіта,— і па санях чутно — па бульбянішчы едзем; а вунь і кучы,— бульбянік звозілі. Захараўскае завадское поле.