Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 91

Леў Мікалаевіч Талстой

— Ну, сапраўды, узяў бы. Богам цябе прашу! — паўтарыла жонка, перакручваючы хустку на другі бок.

— Што ты прыстала як смала... Ну куды я вазьму?

— Што ж, Васіль Андрэевіч, я гатовы,— весела сказаў Мікіта.— Толькі коням корму б без мяне далі,— дадаў ён, звяртаючыся да гаспадыні.

— Я пагляджу, Мікітка, Сямёну загадаю,— сказала гаспадыня.

— Дык што, ехаць, ці што, Васіль Андрэевіч? — сказаў Мікіта.

— Ды ўжо, мусіць, трэба ўважыць старую. Толькі калі ехаць, дык ідзі апрані дыпламат які цяплейшы,— сказаў Васіль Андрэевіч, зноў усміхаючыся і падморгваючы вокам на прадзёрты пад пахамі і на спіне і ў падоле махрамі разадраны, зацухомлены і злямчаны Мікітаў паўкажушок, які нямала пабачыў за свае гады.

— Эй, душа добрая, падыдзі патрымай каня! — крыкнуў Мікіта у двор кухарчынаму мужу.

— Я сам, я сам! — запішчаў хлопчык, вымаючы змерзлыя чырвоныя ручкі з кішэняў і хапаючыся імі за халодныя раменныя лейцы.

— Толькі не дужа ахарошвай дыпламат свой, хуценька! — крыкнуў Васіль Андрэевіч, ашчэрваючыся на Мікіту.

— Адным махам, бацюхна Васіль Андрэевіч,— сказаў Мікіта і, мільгаючы наскамі ўсярэдзіну сваімі старымі, падшытымі лямцавымі падноскамі валёнкамі, пабег у двор і ў рабочую хату.

— Ану, Арыначка, халат давай мой з печкі — з гаспадаром ехаць! — крыкнуў Мікіта, убягаючы ў хату і здымаючы дзягу з цвіка.

Парабчанка, якая выспалася пасля абеду і цяпер ставіла самавар для мужа, весела сустрэла Мікіту і, захопленая ягонаю спешкаю, гэтак жа як ён, хуценька замітусілася і зняла з печы старэнькі, зношаны суконны кафтан і пачала таропка абтрасаць і размякчаць яго.

— Вось ужо вольна будзе табе гуляць з гаспадаром,— сказаў Мікіта кухарцы, які заўжды з дабрадушнае пачцівасці што-небудзь гаварыў чалавеку, калі аставаўся з ім з вока на вока.

Ён абвёў вакол сябе вузенькую скамечаную дзягу, уцягнуў і без таго худое чэрава і зацягнуўся колькі было сілы.

— Вось так,— сказаў ён пасля гэтага, звяртаючыся ўжо не да кухаркі, а да дзягі, засоўваючы яе канцы за пояс,— гэтак не выскачыш,— і, прыўзняўшы і апусціўшы плечы, каб было вальней рукам, ён апрануў зверху халат, таксама напружыў спіну, каб не замінала рукам, падбіў пад пахамі і дастаў з палічкі рукавіцы.— Ну вось і добра.

— Ты б, Сцяпанавіч, ногі пераабуў,— сказала кухарка,— а то боты дзіравыя.

Мікіта спыніўся, быццам успомніў.

— Трэба было б... Але добра будзе і так, недалёка!

I ён пабег на вуліцу.

— Не холадна табе будзе, Мікітка? — сказала гаспадыня, калі ён падышоў да саней.

— Чаго там холадна, вельмі нават цёпла,— адказваў Мікіта, папраўляючы салому на санях, каб укрыць ёю ногі, і засоўваючы непатрэбную для добрага каня пугу пад салому.

Васіль Андрэевіч ужо сядзеў у санях, запаўняючы сваёю апранутаю ў два футра спіною амаль увесь гнуты задок саней, і адразу, узяўшы лейцы, крануў каня. Мікіта на хаду прымасціўся наперадзе з левага боку і высунуў адну нагу.

II

Добры жарэбчык з лёгкім рыпам палазоў зрушыў сані і бойкаю хадою пабег па наезджанай у пасёлку марознай дарозе.