Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 92

Леў Мікалаевіч Талстой

— Ты куды прычапіўся? Дай сюды пугу, Мікіта! — крыкнуў Васіль Андрэевіч, мусіць, захапляючыся нашчадкам, які прымасціўся быў ззаду на палазах.— Я цябе! Бяжы да маці, сукін сын!

Хлопчык саскочыў. Гняды прыбавіў інахадзі і, заёкаўшы, перайшоў на рысь.

У Крыжах, дзе стаяў дом Васіля Андрэевіча, было шэсць хат. Як толькі яны выехалі за апошнюю кавалёву хату, яны адразу ж заўважылі, што вецер значна мацнейшы, чым яны думалі. Дарогі ўжо амаль не відаць было. След палазоў адразу ж замятала, і дарогу можна было вызначыць толькі па тым, што яна была вышэй за астатняе месца. Па ўсім полі круціла завіруха, і не відаць было тае рыскі, дзе сыходзіцца зямля з небам. Цяляцінскі лес, які заўсёды быў добра відаць, толькі зрэдку цьмяна чарнеў праз снежны пыл. Вецер дзьмуў з левага боку, упарта збіваючы ў адзін бок грыву на крутой, наедзенай шыі Гнядога, і зварочваў набак ягоны простым вузлом падвязаны пушысты хвост. Доўгі каўнер Мікіты, які сядзеў з боку ветру, прыціскаўся да ягонага твару і носа.

— Бегу яму сапраўднага няма, снежна,— сказаў Васіль Андрэевіч, ён ганарыўся сваім добрым канём.— Я аднойчы ў Пашуціна ездзіў на ім, дык ён за паўгадзіны даставіў.

— Чаго? — спытаў, не пачуўшы праз каўнер, Мікіта.

— У Пашуціна, кажу, за паўгадзіны даехаў,— крыкнуў Васіль Андрэевіч.

— Што і казаць, конь добры! — сказаў Мікіта.

Яны памаўчалі. Аднак Васілю Андэевічу хацелася гаварыць.

— Што ж, гаспадыні я, здаецца, наказваў бондара не паіць? — загаварыў тым жа гучным голасам Васіль Андрэевіч, гэтак упэўнены ў тым, што Мікіту, мусіць, прыемна пагаварыць з такім важным і разумным чалавекам, як ён, і гэткі здаволены сваім жартам, што яму і ў галаву не прыходзіла, што гаворка гэта можа быць непрыемная для Мікіты.

Мікіта зноў не дачуў гаспадара,— ягоныя словы адносіла ветрам.

Васіль Андрэевіч паўтарыў гучным выразным голасам свой жарт пра бондара.

— Бог з імі, Васіль Андрэевіч, я не думаю пра гэтыя справы. Мне каб малога яна не крыўдзіла, а то бог з ёю.

— Гэта так,— сказаў Васіль Андрэевіч.— Ну, а каня будзеш купляць к вясне? — пачаў ён новую тэму размовы.

— Ды не абмінуць,— адказваў Мікіта, адкінуўшы каўнер кафтана і нахіліўшыся да гаспадара.

Цяпер ужо гаворка была цікавая для Мікіты, і ён хацеў усё чуць.

— Малы падрос, трэба самому араць, а то ўсё наймалі,— сказаў ён.

— Што ж, бярыце бескастрэчнага, дорага не запрашу! — крыкнуў Васіль Андрэевіч, адчуваючы сябе ўзбуджаным, і ў выніку выкіраваў на любімы занятак, які паглынаў усе яго разумовыя сілы,— гандлярства.

— А то рублікаў пятнаццаць дасцё, дык я конным куплю,— сказаў Мікіта, які ведаў, што найбольшая цана бескастрэчнаму, якога хоча яму збыць Васіль Андрэевіч, рублёў сем, і што Васіль Андрэевіч, аддаўшы яму гэтага каня, будзе лічыць яго рублёў у дваццаць пяць, і тады за паўгода не ўбачыш ад яго грошай.

— Конь добры. Я табе жадаю, як самому сабе. Шчыра кажу. Брахуноў ніводнага чалавека не пакрыўдзіць. Няхай маё гіне, а не тое каб як іншыя. Слова гонару,— крыкнуў ён тым сваім голасам, якім ён загаворваў зубы сваім прадаўцам і пакупнікам.— Конь сапраўдны!