Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 82

Леў Мікалаевіч Талстой

— Не трэба, не трэба,— сказаў я Ягору, які хацеў ісці ў гасціную,— а ты вось што: ты ідзі, хутчэй вазьмі рамізніка і едзь; вось квітанцыя, атрымай рэчы. Ідзі.

Ён пайшоў па калідоры, каб узяць сваё паліто. Баючыся, што ён спудзіць іх, я правёў яго да ягонае каморкі і пачакаў, пакуль ён апранаўся. У гасцінай, за суседнім пакоем, чуваць была гамонка і гукі нажоў і талерак. Яны елі і не чулі званка. «Толькі б не выйшлі цяпер»,— думаў я. Ягор апрануў сваё паліто з астраханскім баранком і выйшаў. Я выпусціў яго і зачыніў за ім дзверы, і мне зрабілася жудасна, калі я адчуў, што астаўся адзін і што мне трэба зараз дзейнічаць. Як — я яшчэ не ведаў. Я ведаў толькі, што цяпер усё скончана, што сумненняў у яе бязвіннасці не можа быць і што я зараз пакараю яе і скончу мае адносіны з ёю.

Раней яшчэ былі ў мяне ваганні, я казаў сабе: «А можа, гэта няпраўда, можа, я памыляюся»,— цяпер ужо гэтага не было. Усё было вырашана беспаваротна. Таемна ад мяне, адна з ім, уначы! Гэта ўжо поўнае забыццё ўсяго. Або яшчэ горш: наўмысна гэтакая смеласць, дзёрскасць у злачынстве, каб дзёрзкасць гэтая служыла адзнакаю нявіннасці. Усё зразумела. Сумнення няма. Я баяўся толькі аднаго, каб яны не разбегліся, не прыдумалі якой новай хлусні і не пазбавілі мяне тым і відавочнасці доказу і магчымасці пакараць. I з тым, каб хутчэй застаць іх, я на пальчыках падаўся ў залу, дзе яны сядзелі, не праз гасціную, а праз калідор і дзіцячы пакой.

У першым жа дзіцячым пакоі хлопчыкі спалі. У другім дзіцячым пакоі нянька заварушылася, хацела прачнуцца, і я ўявіў сабе тое, што яна падумае, дазнаўшыся пра ўсё, і гэтакі жаль да сябе ахапіў мяне пры гэтай думцы, што я не мог стрымаць слёз і, каб не разбудзіць дзяцей, выбег на пальчыках у калідор і да сябе ў кабінет, паваліўся на сваю канапу і зарыдаў.

«Я — сумленны чалавек, я — сын сваіх бацькоў, я — усё жыццё марыў аб шчасці сямейнага жыцця, я — мужчына, які ніколі не здраджваў ёй... I вось! пяць чалавек дзяцей, і яна абдымае музыканта, таму што ў яго чырвоныя губы! Не, гэта не чалавек! Гэта сука, гэта паскудная сука! Побач з пакоем дзяцей, у любві да якіх яна прыкідвалася ўсё сваё жыццё. А пісаць мне тое, што яна пісала! I гэтак нахабна кінуцца на шыю! Ды што я ведаю? можа, увесь час гэта так было. Можа, яна даўно з лёкаямі і прыжыла ўсіх дзяцей, якія лічацца маімі. I заўтра б я прыехаў, і яна ў сваёй прычосцы, са сваім гэтым станам і лянотнымі грацыёзнымі рухамі (я ўбачыў увесь яе прывабны ненавісны твар) сустрэла б мяне, і звер гэты рэўнасці навекі сядзеў бы ў маім сэрцы і рваў бы яго на кавалкі. Што нянька падумае, Ягор. I бедная Лізачка! Яна ўжо разумела нешта. I гэтае нахабства! і гэтая хлусня! і гэтая жывёльная пажадлівасць, якую я гэтак ведаю»,— казаў я сабе.

Я хацеў устаць, але не мог. Сэрца гэтак білася, што я не мог устояць на нагах. Так, я памру ад удару. Яна заб’е мяне. Ёй гэтак і трэба. Што ж, ёй забіць? Ды не, гэта было б для яе вельмі выгадна, і гэтае радасці я ёй не прынясу. Так, я сяджу, а яны там ядуць і смяюцца і... Так, нягледзячы на тое, што яна была ўжо не першае свежасці, ён не пагрэбаваў ёю: усё ж яна была прыгожая, галоўнае ж ва ўсякім разе было бяспечна для яго каштоўнага здароўя. «I чаго я не задушыў яе тады»,— сказаў я сабе, прыгадаўшы тую хвіліну, калі я тыдзень таму назад гнаў яе з кабінета і потым трушчыў рэчы. Мне выразна прыгадаўся той стан, у якім я знаходзіўся тады; не толькі прыгадаўся, але я адчуў тую ж патрэбу трушчыць, разбураць, якую я адчуваў тады. Памятаю, як мне хацелася дзейнічаць, і ўсе іншыя меркаванні, апрача тых, якія патрэбны былі для дзеяння, выскачылі ў мяне з галавы. Я ўвайшоў у той стан звера ці чалавека пад уплывам фізічнага ўзбуджэння ў перыяд небяспекі, калі чалавек дзейнічае дакладна, не спяшаючыся, але і не трацячы ні хвіліны, і ўсё толькі з адною пэўнаю мэтаю.