Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 81

Леў Мікалаевіч Талстой

XXVI

— На перадапошняй станцыі, калі кандуктар прыйшоў забіраць білеты, я сабраў свае рэчы, выйшаў на тормаз; усведамленне таго, што блізка, вось яно рашэнне, яшчэ больш расхвалявала мяне. Мне зрабілася холадна, і я стаў дрыжаць сківіцамі так, што зуб на зуб не трапляў. Я машынальна з натоўпам выйшаў з вакзала, узяў рамізніка, сеў і паехаў. Я ехаў, пазіраючы на рэдкіх прахожых, на дворнікаў, на цені, якія адкідвалі ліхтары і мая брычка то спераду, то ззаду, і ні пра што не думаў. Калі праехалі з паўвярсты, мне зрабілася холадна нагам, і я ўспомніў, што зняў у вагоне шарсцяныя панчохі і паклаў у торбу. Дзе торба? ці тут? Тут. А дзе карзіна? Я ўспомніў, што забыўся зусім на багаж, але калі ўспомніў і дастаў распіску, вырашыў, што не варта вяртацца па гэта, і паехаў далей.

Як я ні стараюся ўспомніць цяпер, я ніяк не магу ўспомніць таго майго стану: што я думаў? чаго хацеў? нічога не ведаю. Памятаю толькі, што ў мяне было такое прадчуванне, быццам рыхтуецца штосьці страшнае і вельмі важнае ў маім жыцці. Ці таму адбылося тое важнае, што я гэтак думаў, ці таму, што прадчуваў,— не ведаю. Магчыма і тое, што пасля таго, што здарылася, усе папярэднія хвіліны ў маіх успамінах набылі змрочнае адценне. Я пад’ехаў да ганка. Была першая гадзіна. Некалькі рамізнікаў стаяла ля ганка і чакала седакоў па асветленых вокнах (асветленыя вокны былі ў нашай кватэры, у зале і гасцінай). Не разумеючы, чаго гэтак позна гарыць святло ў нашых вокнах, я з тымі ж думкамі аб чымсьці страшным падняўся па ўсходах і пазваніў. Лёкай, добры, старанны і вельмі тупы Ягор, адчыніў. Першае, што кінулася ў вочы, у пярэднім пакоі вісеў на вешалцы побач з іншаю вопраткаю ягоны шынель. Я павінен быў бы здзівіцца, але не здзівіўся, нібыта я чакаў гэтага. «Гэтак і ёсць»,— сказаў я сабе. Калі я спытаў у Ягора, хто ёсць, і ён назваў мне Трухачэўскага, я спытаў, ці ёсць яшчэ хто-небудзь. Ён сказаў:

— Нікога.

Памятаю, з якой інтанацыяй ён мне адказаў, быццам хацеў парадаваць мяне і рассеяць сумненні, што ёсць яшчэ нехта. «Нікога. Так, так»,— нібы казаў я сабе.

— А дзеці?

— Дзякуй богу, здаровыя. Даўно спяць.

Я не мог прадыхнуць і не мог стрымаць сківіц, якія ўвесь час калаціліся. «Так, значыць, я памыляўся: раней я думаў — няшчасце, а выяўлялася ўсё добра, па-старому. Цяпер жа вось не па-старому, а вось яно ўсё тое, што я ўяўляў сабе і думаў, што толькі ўяўляў, а вось яно ўсё ў сапраўднасці. Вось яно ўсё...»

Я ледзь быў не зарыдаў, але адразу ж д’ябал падказаў: «Ты плач, сентыментальнічай, а яны спакойна разыдуцца, доказаў не будзе, і ты век будзеш сумнявацца і мучыцца». I адразу сентыментальнасць гэтая знікла, і нарадзілася дзіўнае пачуццё — вы не паверыце — пачуццё радасці, што скончыцца мая пакута, што цяпер я магу пакараць яе, магу пазбавіцца ад яе, што я магу даць волю маёй злосці. I я даў волю маёй злосці — я зрабіўся зверам, злосным і хітрым зверам.