Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 84

Леў Мікалаевіч Талстой

Абое не дагаварылі... Пачалося тое другое, чаго ён баяўся, што разбурала адразу ўсё, што яны гаварылі. Я кінуўся да яе, усё яшчэ хаваючы кінжал, каб ён не перашкодзіў мне ўдарыць яе ў бок пад грудзьмі. Я выбраў гэтае месца з самага пачатку. У тую хвіліну, як я кінуўся да яе, ён убачыў, і, чаго я ніяк не чакаў ад яго, ён схапіў мяне за руку і крыкнуў:

— Апамятайцеся, што вы! Людзі!

Я вырваў руку і моўчкі кінуўся да яго. Ягоныя вочы сустрэліся з маімі, ён раптам пабялеў як палатно, да губ, вочы бліснулі неяк незвычайна, і, чаго я таксама ніяк не чакаў, ён шмыгнуў пад фартэпіяна, у дзверы. Я кінуўся быў за ім, але на левай руцэ маёй павіс цяжар. Гэта была яна. Я рвануўся. Яна яшчэ цяжэй павісла і не выпускала. Нечаканая гэта перашкода, цяжар, і яе агідны для мяне дотык яшчэ болей распалілі мяне. Я адчуваў, што выгляд у мяне, як у вар’ята, страшны, і радаваўся гэтаму. Я размахнуўся з усяе сілы леваю рукою і локцем выцяў яе ў самы твар. Яна закрычала і выпусціла маю руку. Я хацеў бегчы за ім, але ўспомніў, што было б смешна бегчы ў панчохах за палюбоўнікам сваёй жонкі, а я не хацеў выглядаць смешна, я хацеў быць страшным. Нягледзячы на страшэнную раз’юшанасць, якая мяне апанавала, я памятаў увесь час, якое ўражанне я пакідаю на іншых, і нават гэтае ўражанне часткова кіравала мною. Я павярнуўся да яе. Яна павалілася на кушэтку і, схапіўшы рукою за выцятыя мною вочы, пазірала на мяне. На яе твары быў страх і нянавісць да мяне, да ворага, як у пацука, калі падымаюць пастку, у якую ён трапіў. Я ва ўсякім разе нічога не бачыў у ёй, апрача гэтага страху і нянавісці да мяне. Гэта быў той самы страх і нянавісць да мяне, якія павінна было выклікаць каханне да іншага. Але яшчэ я, можа б, стрымаў сябе і не зрабіў бы таго, што я зрабіў, каб яна маўчала. Але яна раптам пачала гаварыць і хапаць мяне рукой за руку з кінжалам.

— Апамятайся! Што ты? Што з табою? Нічога няма, нічога, нічога... Клянуся!

Я яшчэ і памарудзіў бы, але гэтыя апошнія словы яе, па якіх я зрабіў вывад зусім адваротны, гэта значыць, што ўсё было, выклікалі адказ. I адказ павінен быў быць адпаведны таму настрою, у якім я знаходзіўся, які ўсё crescendo [] і павінен быў далей гэтак жа павышацца. У шаленства ёсць таксама свае законы.

— Не хлусі, нягодніца! — загаласіў я і леваю рукою схапіў яе за руку, але яна вырвалася. Тады я ўсё ж, не выпускаючы кінжала, схапіў яе леваю рукою за горла, паваліў дагары і стаў душыць. Якая цвёрдая шыя была... Яна ўхапілася абедзвюма рукамі за мае рукі, аддзіраючы іх ад горла, а я, нібы гэтага і чакаў, з усяе сілы ўдарыў яе кінжалам у левы бок, ніжэй рабрын.

Калі людзі гавораць, што яны ў прыпадку шаленства не памятаюць таго, што яны робяць,— гэта лухта, няпраўда. Я ўсё памятаў і ні на хвіліну не пераставаў памятаць. Чым мацней я паддаваў сам сабе пары шаленства, тым ярчэй разгаралася ў мяне святло свядомасці, пры якім я не мог не бачыць усяго таго, што я рабіў. Кожнае імгненне я ведаў, што я раблю. Не магу сказаць, што я ведаў наперад, што я буду рабіць, але ў тое імгненне, калі я рабіў, нават, здаецца, крышку наперад, я ведаў, што я раблю, як быццам для таго, каб можна было раскаяцца, каб я мог сабе сказаць, што я мог спыніцца. Я ведаў, што я цаляю ніжэй рабрын і што кінжал уп’ецца. У тую хвіліну, як я рабіў гэта, я ведаў, што я раблю штось страшэннае, тое, чаго я ніколі не рабіў і што будзе мець жахлівыя вынікі. Аднак думка гэтая мільганула як маланка, і за думкаю адразу ж быў нанесены ўдар. Учынак гэты ўсведамляўся з незвычайнай яскравасцю. Я чуў і памятаю імгненнае супраціўленне гарсэта і яшчэ нечага, памятаю, як паглыбляўся нож у мяккае. Яна схапіла рукамі кінжал, парэзала іх, але не ўтрымала. Я доўга потым, у астрозе, пасля таго як адбыўся ў мяне душэўны пераварот, думаў аб гэтым, прыгадваў, што мог, і ўзважваў. Памятаю на імгненне, толькі на імгненне перад гэтым учынкам, страшнае ўсведамленне таго, што я забіваю і забіў жанчыну, безабаронную жанчыну, маю жонку. Гэты жах я памятаю і таму прыходжу да вываду і нават прыгадваю цьмяна, што, уваткнуўшы кінжал, я адразу ж выцягнуў яго, жадаючы паправіць зробленае і спыніць. Нейкі момант я стаяў нерухома і чакаў, што будзе, ці можна паправіць. Яна ўсхапілася на ногі, закрычала: