Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 83

Леў Мікалаевіч Талстой

XXVII

— Першае, што я зрабіў, я зняў боты і, астаўшыся ў панчохах, падышоў да сцяны над канапаю, дзе ў мяне віселі стрэльбы і кінжалы, і ўзяў крывы дамаскі кінжал, якім ні разу не карыстаўся і страшэнна востры. Я выцягнуў яго з ножан. Ножны, я памятаю, заваліліся за канапу, і памятаю, што я сказаў сабе: «Трэба пазней будзе знайсці іх, а то прападуць». Потым я зняў паліто, якое ўвесь час было на мне, і, мякка ступаючы ў адных панчохах, пайшоў туды.

I падкраўшыся ціха, я раптам адчыніў дзверы. Памятаю выраз іх твараў. Я памятаю гэты выраз, таму што выраз гэты прынёс мне пакутлівую радасць. Гэта быў выраз жаху. А гэта мне і трэба было. Я ніколі не забуду выразу роспачнае жудасці, які паявіўся ў першае імгненне на абодвух іх тварах, калі яны ўгледзелі мяне. Ён сядзеў, здаецца, за сталом, але, убачыўшы ці пачуўшы мяне, усхапіўся на ногі і стаў спіною да шафы. На ягоным твары быў адзін несумненны выраз жаху. На яе твары быў той жа выраз жаху, але з ім разам было і іншае. Каб яно было адно, магчыма, не здарылася б таго, што здарылася; але ў выразе яе твару было, ва ўсякім разе здалося мне ў першае імгненне, было яшчэ засмучэнне, нездаволенасць тым, што парушылі яе захапленне каханнем і яе шчасце з ім. Ёй як быццам нічога не трэба было апрача таго, каб ёй не перашкаджалі быць шчасліваю цяпер. Той і другі выраз толькі імгненне трымаўся на іх тварах. Выраз жудасці на ягоным твары адразу ж змяніўся выразам запытання: можна хлусіць ці не? Калі можна, то трэба пачынаць. Калі не, дык пачнецца яшчэ нешта іншае. Але што? Ён запытальна зірнуў на яе. На яе твары выраз прыкрасці і засмучэння змяніўся, як мне здалося, калі яна зірнула на яго, клопатамі аб ім.

На імгненне я затрымаўся ў парозе, трымаючы кінжал за спіною. У гэтае ж імгненне ён усміхнуўся і да смешнага спакойным тонам пачаў:

— А мы вось музыцыравалі...

— Вось не чакала,— у той жа час пачала і яна ў тон яму.

Аднак ні той, ні другі не дагаварыў: тое ж самае шаленства, якое я адчуваў тыдзень таму назад, авалодала мною. Зноў я адчуў гэтую патрэбу ў руйнаванні, гвалце і захапленні шаленствам і аддаўся яму.