Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 80

Леў Мікалаевіч Талстой

Пакуты былі такія жахлівыя, што, я памятаю, мне прыйшла думка, якая вельмі спадабалася мне, выйсці на чыгунку, легчы на рэйкі пад вагон і скончыць. Тады ва ўсякім разе не будзеш болей вагацца, сумнявацца. Адно, што перашкаджала гэтак зрабіць, быў жаль да сябе, які адразу ж, непасрэдна за сабою, выклікаў нянавісць да яе. Да яго ж было нейкае дзіўнае пачуццё і нянавісці і разумення свайго ўніжэння і ягонае перамогі, а вось да яе страшэнная нянавісць. «Нельга пакончыць з сабою і пакінуць яе; трэба, каб яна папакутавала хоць троху, каб хоць зразумела, што я пакутаваў»,— казаў я сабе. Я выходзіў на ўсіх станцыях, каб развеяцца. На адной станцыі я ў буфеце ўбачыў, што п’юць, і адразу ж сам выпіў гарэлкі. Побач са мной стаяў яўрэй і таксама піў. Ён разгаварыўся, і я, каб толькі не аставацца аднаму ў сваім вагоне, пайшоў з ім у яго брудны, закураны і засмечаны сланечнікам вагон трэцяга класа. Там я сеў з ім побач, і ён шмат лапатаў і расказваў анекдоты. Я слухаў яго, але не разумеў таго, што ён гаворыць, бо думаў пра сваё. Ён заўважыў гэта і стаў патрабаваць да сябе ўвагі; тады я ўстаў і пайшоў зноў у свой вагон. «Трэба абдумаць,— казаў я сабе,— ці праўда тое, што я думаю, і ці ёсць падстава мне пакутаваць». Я сеў, жадаючы спакойна абдумаць, але адразу ж замест спакойнага абдумвання пачалося зноў тое ж: замест разважанняў — карціны і ўяўленні. «Колькі разоў я гэтак мучыўся»,— казаў я сабе (я прыгадваў ранейшыя падобныя прыпадкі рэўнасці),— і потым усё канчалася нічым. Гэтак і цяпер, магчыма, нават пэўна, я знайду яе ў спакойным сне; яна прачнецца, узрадуецца мне, і па словах, па вачах я адчую, што нічога не было і што ўсё гэта лухта. О, як добра б гэтак!» — «Але не, гэта надта часта было, і цяпер гэтага ўжо не будзе»,— казаў мне нейкі голас, і зноў пачыналася. Так, вось дзе была кара! Не ў сіфілітычную бальніцу я адвёў бы маладога чалавека, каб адбіць у яго ахвоту да жанчын, а ў душу да сябе, паглядзець на тых д’яблаў, якія раздзіралі яе! Жахліва было тое, што я прызнаваў за сабою несумненнае, поўнае права на яе цела, як быццам гэта было маё цела, і разам з тым адчуваў, што валодаць я гэтым целам не магу, што яно не маё і што яна можа распараджацца ім як хоча, а хоча распараджацца ім не так, як я хачу. I я нічога не магу зрабіць ні яму, ні ёй. Ён, як Ванька-ключнічак перад вісельняй, праспявае песеньку аб тым, як у мядовыя вусны было пацалавана і іншае. I верх ягоны. А з ёю яшчэ меней я магу што зрабіць. Калі яна не зрабіла, але хоча, а я ведаю, што хоча, дык яшчэ горш: ужо лепей бы зрабіла, каб я ведаў, каб не было няяснасці. Я не мог бы сказаць таго, што хацеў. Я хацеў, каб яна не хацела таго, што яна павінна хацець. Гэта было поўнае вар’яцтва!