Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 79

Леў Мікалаевіч Талстой

Гэта было вельмі даўно, але я прыгадаў гэта. Брат Трухачэўскага, я памятаю, аднойчы на пытанне аб тым, ці наведвае ён публічныя дамы, сказаў, што прыстойны чалавек не будзе хадзіць туды, дзе можна захварэць, ды і брыдка, агідна, калі заўжды можна знайсці прыстойную жанчыну. I вось ён, ягоны брат, знайшоў маю жонку. «Праўда, яна ўжо не першае маладосці, зуба аднаго няма збоку і заўважаецца некаторая пухласць,— думаў я за яго,— але што зробіш, трэба карыстацца тым, што ёсць».— «Так, ён робіць ласку ёй, што бярэ яе сваёю каханкаю,— казаў я сабе.— Прытым яна бяспечная».— «Не, гэта не магчыма! Што я думаю! — з жахам казаў я сабе.— Нічога, нічога гэтага няма. I няма нават ніякіх падстаў гэтак думаць. Хіба яна не казала мне, што яе ўніжае нават думка аб тым, што я магу раўнаваць да яго? Так, але яна хлусіць, усё хлусіць!» — крычаў я — і пачыналася зноў... Пасажыраў у нашым вагоне было толькі двое — бабка з мужам, абое вельмі негаваркія, і тыя выйшлі на адной са станцый, і я астаўся адзін. Я быў як звер у клетцы: то я падхопліваўся, падыходзіў да вокан, то, хістаючыся, пачынаў хадзіць, стараючыся падагнаць вагон; але вагон з усімі лаўкамі і шыбамі ўсё гэтак жа ўздрыгваў, вось як наш...

I Познышаў падхапіўся і зрабіў колькі крокаў і зноў сеў.

— Ох, баюся я, баюся я чыгуначных вагонаў, жах апаноўвае мяне. Так, жахліва! — працягваў ён.— Я казаў сабе: «Буду думаць пра іншае. Напрыклад, пра гаспадара заезнага двара, у якога я піў чай». Ну вось, перад вачмі ўзнікае дворнік з доўгаю барадою і яго ўнук — хлопчык адных год з маім Васем. Мой Вася! Ён убачыць, як музыкант цалуе ягоную маці. Што зробіцца ў ягонай беднай душы? Ды ёй што! Яна кахае... I зноў узнімалася тое ж. Не, не... Ну, буду думаць пра агляд бальніцы. Так, як учора хворы скардзіўся на доктара. А доктар з вусамі, як у Трухачэўскага. I як ён нахабна... Яны абое ашуквалі мяне, калі гаварыў, што ён ад’язджае. I зноў пачыналася. Усё, пра што я думаў, мела сувязь з ім. Я пакутаваў страшэнна. Самая цяжкая пакута была ў няведанні, у сумненнях, у раздваенні, у няведанні таго, што — кахаць ці ненавідзець трэба яе.