Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 78

Леў Мікалаевіч Талстой

Я не заснуў праз усю ноч, і а пятай гадзіне, вырашыўшы, што не магу аставацца болей у гэтым напружанні і зараз жа паеду, я ўстаў, разбудзіў вартаўніка, які мне слугаваў, і паслаў яго па коней. У пасяджэнне я паслаў запіску аб тым, што я па экстранае справе выкліканы ў Маскву; таму прашу, каб мяне замяніў член. А восьмай гадзіне я сеў у тарантас і паехаў.

XXV

Зайшоў кандуктар, убачыўшы, што свечка наша дагарэла, патушыў яе, не ўстаўляючы новай. На вуліцы пачынала днець. Познышаў маўчаў, цяжка ўздыхаючы ўвесь час, пакуль у вагоне быў кандуктар. Ён працягваў свой расказ, толькі калі выйшаў кандуктар і ў напаўцёмным вагоне пачулася рыпенне шыбаў і раўнамерны, пад стук колаў, храп прыказчыка. У ранішнім цьмяным святле мне зусім не відаць яго было.

Чуцён быў толькі ягоны пакутлівы голас, які рабіўся ўсё больш і больш усхваляваны.

— Ехаць трэба было трыццаць пяць вёрст на конях і восем гадзін па чыгунцы. На конях ехаць было цудоўна. Была марозная асенняя пара з яркім сонцам. Ведаеце, гэта пара, калі гакі адбіваюцца на маслянай дарозе. Дарогі гладкія, святло зыркае і паветра бадзёрае. У тарантасе ехаць было добра. Калі развіднела і я паехаў, мне стала лягчэй. Пазіраючы на коней, на палеткі, на сустрэчных, забываў, куды я еду. Падчас мне здавалася, што я проста еду і што нічога таго, што выклікала мяне, нічога гэтага не было. I мне асабліва радасна было гэтак забывацца. Калі ж я ўспамінаў, куды я еду, я казаў сабе: «Тады відаць будзе, не думай». У дарозе звыш таго здарылася падзея, якая затрымала мяне і яшчэ болей заняла мае думкі: тарантас зламаўся, і трэба было рамантаваць яго. Паломка гэта мела вялікае значэнне тым, што яна зрабіла тое, што я прыехаў у Маскву не ў пяць гадзін, як я разлічваў, а ў дванаццаць гадзін і дадому — а першай гадзіне, бо я не паспеў на кур’ерскі, а павінен быў ужо ехаць пасажырскім. Паездка па калёсы, рамонт, расплата, чай у заезным доме, размовы з дворнікам — усё гэта яшчэ болей заняло мяне. Прыцемкам усё было гатова, і я зноў паехаў, і ўночы яшчэ лепш было ехаць, чым удзень. Быў маладзік, невялічкі мароз, яшчэ цудоўная дарога, коні, вясёлы фурман, і я ехаў і цешыўся, амаль зусім не думаючы пра тое, што мяне чакае, ці менавіта таму цешыўся, што ведаў, што мяне чакае, і развітваўся з радасцямі жыцця. Аднак гэты спакойны стан мой, магчымасць заглушаць свае пачуцці скончыўся паездкаю на конях. Як толькі я зайшоў у вагон, пачалося зусім іншае. Гэты васьмігадзінны пераезд у вагоне быў для мяне чымсьці жудасным, чаго я не забуду праз усё жыццё. Можа таму, што ўжо ў вагоне я выразна ўявіў сябе дома, ці таму, што чыгунка гэтак узбуджальна дзейнічае на людзей, але толькі з тае хвіліны як я сеў у вагон, я ўжо не мог валодаць сваёй фантазіяй, і яна, не перастаючы, з незвычайнай выразнасцю пачала маляваць мне адну за адной карціны, якія распальвалі маю рэўнасць і былі страшэнна цынічныя, і ўсё пра тое ж, пра тое, што адбывалася там, без мяне, як яна здраджвала мне. Я згараў ад гневу, злосці і нейкага асаблівага пачуцця захаплення сваім уніжэннем, сузіраючы гэтыя карціны, і не мог адарвацца ад іх; не мог не глядзець на іх, не мог сцерці іх, не мог не выклікаць іх. Мала таго, чым болей я сузіраў гэтыя ўяўныя карціны, тым болей я верыў у іх рэальнасць. Выразнасць, з якою ўяўляліся мне гэтыя карціны, нібы служыла доказам таму, што тое, што я ўяўляў, была рэчаіснасць. Нейкі д’ябал, быццам супраць мае волі, прыдумваў і падказваў мне самыя жудасныя меркаванні. Даўнейшая размова з братам Трухачэўскага прыгадалася мне, і я з нейкім захапленнем кроіў сабе сэрца гэтаю размоваю, адносячы яе да Трухачэўскага і маёй жонкі.