Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 73

Леў Мікалаевіч Талстой

Я з падкрэсленаю пачцівасцю праводзіў яго да пярэдняга пакоя (як не праводзіць чалавека, які прыехаў з тым, каб парушыць спакой і загубіць шчасце цэлае сям’і!). Я паціснуў з падкрэсленаю ласкаю яго белую, мяккую руку.

XXII

— Увесь гэты дзень я не гаварыў з ёю, не мог. Прысутнасць яе выклікала ў мяне такую нянавісць да яе, што я баяўся за сябе. За абедам яна пры дзецях спытала ў мяне, калі я еду. Мне трэба было на наступным тыдні ехаць на з’езд у павет. Я сказаў калі. Яна спытала, ці не трэба мне чаго на дарогу. Я нічога не адказаў, моўчкі пасядзеў за сталом і гэтак жа моўчкі пайшоў у кабінет. Апошнім часам яна ніколі не прыходзіла да мяне ў пакой, асабліва ў гэты час. Ляжу ў кабінеце і злуюся. Раптам знаёмая хада. I ў галаву мне прыходзіць страшная, агідная думка аб тым, што яна, як жонка Урыі, хоча схаваць ужо дапушчаны грэх свой і што яна ў такі незвычайны час ідзе да мяне. «Няўжо яна ідзе да мяне?» — думаў я, прыслухоўваючыся да яе блізкіх крокаў. Калі да мяне, значыць мая праўда. I ў душы ўзнімаецца невыказная агіда да яе. Бліжэй, бліжэй крокі. Няўжо не пройдзе міма, у залу? Не, дзверы рыпнулі, і ў дзвярах яе высокая, прыгожая постаць, а на твары і ў вачах — нерашучасць і як бы боязь, якую яна хоча схаваць, але якую я бачу і значэнне якой я ведаю. Я ледзь не задыхнуўся, гэтак доўга я стрымліваў дыханне, і, працягваючы глядзець на яе, схапіўся за папяросніцу і стаў закурваць.

— Ну што гэта, да цябе зойдзеш пасядзець, а ты закурваеш,— і яна села блізка да мяне на канапу, тулячыся да мяне.

Я адхіліўся, каб не кранацца яе.

— Я бачу, ты нездаволены тым, што я хачу іграць у нядзелю,— сказала яна.

— Я ніколькі не нездаволены,— сказаў я.

— Хіба я не бачу?

— Ну, вітаю цябе, што ты бачыш. Толькі я нічога не бачу, апрача таго, што ты паводзіш сябе як какотка.

— Калі ты хочаш лаяцца, як рамізнік, дык я пайду.

— Ідзі, толькі ведай, што калі табе не дарагі гонар сям’і, дык мне ты не дарагая (ліха з табою), але гонар сям’і.

— Ды што, што?

— Ідзі адсюль, богам прашу, ідзі!

Прыкідвалася яна, што не разумее, ці сапраўды не разумела, але толькі яна пакрыўдзілася і ўзлавалася. Яна ўстала, аднак не пайшла, а спынілася пасярод пакоя.

— Ты зрабіўся зусім немажлівы,— пачала яна.— Гэта такі характар, з якім анёл не ўжывецца,— і, як заўсёды, стараючыся ўкалоць мяне як мага больш балюча, яна нагадала мне мой учынак з сястрою (гэта быў выпадак з сястрою, калі я выйшаў з сябе і нагаварыў сястры сваёй грубасці; яна ведала, што гэта мучыць мяне, і ў гэтае месца ўкалола мяне).— Пасля гэтага ты мяне ўжо нічым не здзівіш,— сказала яна.

«Так, абразіць, унізіць, абняславіць і мяне ж пакінуць вінаватым»,— сказаў я сабе, і раптам мяне ахапіла такая страшэнная злосць на яе, якое я ніколі яшчэ не зазнаваў.

Мне ўпершыню захацелася фізічна выявіць гэтую злосць. Я падхапіўся і рушыў да яе; але ў той момант, як я падхапіўся, я памятаю, што я ўразумеў сваю злосць і спытаў у сябе, ці добра аддацца гэтаму пачуццю, і адразу ж адказаў сабе, што гэта добра, што гэта напалохае яе, і адразу ж, замест таго, каб працівіцца гэтае злосці, я яшчэ стаў распаляць яе ў сабе і радавацца таму, што яна ўсё больш і больш распаляецца.