Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 72

Леў Мікалаевіч Талстой

— Як я рада, што ты прыйшоў; мы не вырашылі, што іграць у нядзелю,— сказала яна такім тонам, якім не гаварыла б са мной, каб мы былі адны. Гэта і тое, што яна сказала «мы» пра сябе і яго, абурыла мяне. Я моўчкі павітаўся з ім.

Ён паціснуў мне руку і адразу ж з усмешкаю, якая мне здалася кпліваю, пачаў тлумачыць мне, што ён прынёс ноты для рэпетыцыі к нядзелі і што вось між імі нязгода, што іграць: больш цяжкае і класічнае, менавіта Бетховенскую санату са скрыпкаю, або маленькія рэчы? Усё было гэтак натуральна і проста, што нельга было ні да чаго прычапіцца, а разам з тым я быў упэўнены, што ўсё гэта была няпраўда, што яны змовіліся аб тым, каб ашукаць мяне.

Адна з самых цяжкіх пакут для раўніўцаў (а раўніўцы ўсе ў нашым грамадскім жыцці) — гэта вядомыя свецкія ўмовы, пры якіх дапускаецца самая вялікая і небяспечная блізкасць між мужчынам і жанчынаю. Трэба зрабіцца пасмешышчам на людзях, калі перашкаджаць блізкасці на балях, блізкасці дактароў са сваёй пацыенткай, блізкасці на занятках мастацтвам, жывапісам, а галоўнае — музыкаю. Людзі займаюцца ўдваіх самым высакародным мастацтвам, музыкаю; для гэтага патрэбна пэўная блізкасць, і блізкасць гэтая не мае нічога заганнага, і толькі неразумны, раўнівы муж можа бачыць тут штосьці непажаданае. А між тым усе ведаюць, што менавіта ў выніку гэтых самых заняткаў, асабліва музыкаю, і адбываецца большая доля пралюбадзейства ў нашым грамадстве. Я, відаць, збянтэжыў іх тою збянтэжанасцю, якая выявілася і ў мяне: я доўга нічога не мог сказаць. Я быў нібы перавернутая пляшка, з якой вада не ідзе таму, што яна празмерна поўная. Я хацеў злаяць, выгнаць яго, але я адчуваў, што я павінен быў зноў быць ветлівы і ласкавы з ім. Я гэтак і зрабіў. Я зрабіў выгляд, што ўхваляю ўсё, і зноў з тым дзіўным пачуццём, якое вымушала мяне абыходзіцца з ім з тым большаю ласкаю, чым больш пакутліваю для мяне была ягоная прысутнасць; я сказаў яму, што спадзяюся на ягоны густ і ёй раю тое ж. Ён яшчэ пабыў столькі, колькі трэба было, каб згладзіць непрыемнае ўражанне, калі я раптам са спалоханым тварам зайшоў у пакой і змоўк,— і паехаў, прыкінуўшыся, што цяпер вырашалі, што іграць заўтра. Аднак я быў упэўнены, што ў параўнанні з тым, што займала іх, пытанне пра тое, што іграць, было для іх зусім абыякавае.