Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 71

Леў Мікалаевіч Талстой

I Познышаў ад моцнага хвалявання павярнуўся і азваўся сваім незвычайным гукам.

— Дзіўная справа, як дзейнічала на мяне прысутнасць гэтага чалавека,— пачаў ён зноў, мусіць, робячы намаганне, каб выглядаць спакойным.— Вяртаюся з выстаўкі дадому на другі ці трэці дзень пасля гэтага, заходжу ў пярэдні пакой і раптам адчуваю, штосьці цяжкае, нібыта камень, навальваецца мне на сэрца, і не магу сказаць сабе, што гэта. Гэтае нешта было тое, што, праходзячы праз пярэдні пакой, я заўважыў нешта такое, што нагадвала яго. Толькі ў кабінеце я ўцяміў, што гэта было, і вярнуўся ў пярэдні пакой, каб праверыць сябе. Так, я не памыліўся: гэта быў ягоны шынель. Ведаеце, модны шынель. (Усё, што яго тычылася, хоць я і не разумеў сутнасці сваіх учынкаў, я прыкмячаў з незвычайнай уважлівасцю.) Пытаюся,— гэтак і ёсць, ён тут. Праходжу не праз гасціную, а праз класны пакой, у залу. Ліза, дачка, сядзіць за кніжкаю, і нянька з маленькай ля стала круціць нейкай накрыўкай. Дзверы ў залу прычынены, і чую адтуль раўнамернае arpeggio і голас яго і яе. Прыслухоўваюся, але не магу разабраць. Мусіць, гукі на фартэпіяна знарок для таго, каб заглушыць іх словы, магчыма, пацалункі. Бог ты мой! што тут сталася са мной! Як успомню толькі пра таго звера, які жыў тады ў маёй душы, жах бярэ. Сэрца раптам сціснулася, спынілася, а потым загрукала, як малатком. Галоўнае пачуццё, як і заўжды, ва ўсякай злосці, было — жаль да сябе. «Пры дзецях, пры няньцы!» — думаў я. Відаць, я быў страшны, таму што і Ліза глядзела на мяне дзіўнымі вачыма. «Што ж мне рабіць? — спытаў я ў сябе.— Зайсці? Я не магу, я бог ведае што зраблю». Аднак не магу і пайсці. Нянька пазірае на мяне гэтак, нібыта яна разумее маё становішча. «Але нельга не зайсці»,— сказаў я сабе і хутка адчыніў дзверы. Ён сядзеў за фартэпіяна, рабіў гэтыя arpeggio сваімі выгнутымі дагары вялікімі белымі пальцамі. Яна стаяла ў кутку раяля над разгорнутымі нотамі. Яна першая ўбачыла ці пачула і паглядзела на мяне. Ці то яна спалохалася і прыкінулася, што не спалохалася, ці то сапраўды не спалохалася, але яна не ўздрыгнула, не зварухнулася, а толькі пачырванела, і то пазней.