Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 63

Леў Мікалаевіч Талстой

XVII

— Вось гэтак і жылі. Адносіны рабіліся ўсё больш і больш варожыя. I, нарэшце, дайшлі да таго, што ўжо не рознагалоссе параджала варожасць, а варожасць параджала рознагалоссе: што б яна ні сказала, я ўжо наперад быў не згодны, і дакладна гэтак жа і яна.

На чацвёрты год з абодвух бакоў вырашана было неяк само па сабе, што зразумець адно аднаго, пагадзіцца адно з адным мы не зможам. Мы перасталі ўжо шукаць спробы дамовіцца да канца. У адносінах самых простых рэчаў, асабліва ў адносінах дзяцей, мы непахісна аставаліся кожны пры сваёй думцы. Як я цяпер прыгадваю, думкі, якія я адстойваў, былі для мяне не такія ўжо і дарагія, каб я не мог адступіцца ад іх; але яна трымалася процілеглае думкі, і адступіцца — азначала прызнаць, што яе праўда. А гэтага я не мог. Яна таксама. Яна, мабыць, цвёрда лічыла, што заўсёды мела рацыю перада мной, а ўжо я ў сваіх вачах быў заўжды святы перад ёю. Удваіх мы былі амаль асуджаны на маўчанне ці такія размовы, якія, я ўпэўнены, жывёла можа весці між сабою: «Колькі часу? Пара спаць. Які сёння абед? Куды ехаць? Што напісана ў газеце? Паслаць па доктара. Горла баліць у Машы». Варта было на валасок адступіць ад гэтага страшэнна звужанага кола размоў, каб выбухнула злосць. Пачыналіся сутычкі, ляцелі словы нянавісці за каву, абрус, брычку, за ход у вінце,— усё справы, якія ні для таго, ні для другога не маглі мець ніякага значэння. У мяне ва ўсякім разе нянавісць да яе часта віравала страшэнная! Я глядзеў іншы раз, як яна налівала чай, махала нагою або падносіла лыжку да рота, хлюпала, уцягвала ў сябе вадкасць, і ненавідзеў яе менавіта за гэта, як за самы агідны ўчынак. Я не заўважаў тады, што перыяды злосці нараджаліся ў мяне вельмі дакладна і раўнамерна, адпаведна перыядам таго, што мы называлі каханнем. Перыяд кахання — перыяд злосці; энергічны перыяд кахання — доўгі перыяд злосці; больш слабая праява кахання — кароткі перыяд злосці. Тады мы не разумелі, што гэтае каханне і злосць было тое ж жывёльнае пачуццё; толькі з розных канцоў. Жыць гэтак было б жудасна, каб мы разумелі сваё становішча; але мы не разумелі і не бачылі яго. У гэтым і паратунак і кара чалавека, што, калі ён жыве няправільна, ён можа сябе затуманьваць, каб не бачыць гаротнага свайго становішча. Гэтак рабілі і мы. Яна старалася забыцца ў напружаных, заўжды неадкладных клопатах па гаспадарцы, клопатах пра абстаноўку, уборы свае і дзяцей, вучобу, здароўе дзяцей. У мяне ж было сваё п’янства — п’янства службы, палявання, карт. Мы абое заўсёды былі занятыя. Мы абое адчувалі, што чым болей мы заняты, тым больш злосныя можам быць адно да аднаго. «Табе добра грымаснічаць,— думаў я пра яе,— ты вось мяне прамучыла сцэнамі ўсю ноч, а ў мяне пасяджэнне».— «Табе добра,— не толькі думала, а і казала яна,— а я усю ноч не спала з дзіцем».