Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 65

Леў Мікалаевіч Талстой

Няма чаго дакараць, таму што сумлення ў нашым побыце няма аніякага, апроч, калі можна так назваць, сумлення грамадскае думкі і крымінальнага закону. А тут і тое і другое не парушаецца: саромецца перад грамадствам няма чаго, усе гэта робяць: і Мар’я Паўлаўна і Іван Захаравіч. Навошта пладзіць жабракоў ці пазбаўляць сябе магчымасці грамадскага жыцця? Саромецца крымінальнага закону ці баяцца яго таксама няма чаго. Гэта пачварныя дзеўкі і салдаткі кідаюць дзяцей у сажалкі і студні; тых, вядома, трэба саджаць у астрог, а ў нас усё робіцца своечасова і чыста.

Гэтак пражылі мы яшчэ два гады. Сродак паскуднікаў, мусіць, пачынаў дзейнічаць; яна фізічна пагрубела і папрыгажэла, як апошняя краса лета. Яна адчувала гэта і займалася сабою. У яе паявілася нейкае абураючае хараство, якое хвалявала людзей. Яна была ва ўсёй сіле трыццацігадовай раскормленай і раздражненай жанчыны, якая не раджала. Выгляд яе выклікаў непакой. Калі яна праходзіла ля мужчын, яна прыцягвала да сябе іх позіркі. Яна была як застаялы, раскормлены конь, з якога знялі аброць. Аброці не было ніякае, як няма ніякае ў 0,99 нашых жанчын. I я адчуваў гэта, і мне было страшна.

XIX

Ён раптам прыўстаў і перасеў бліжэй да акна.

— Прабачце мне,— сказаў ён і, скіраваўшы вочы ў акно, моўчкі прасядзеў гэтак хвіліны тры. Потым ён цяжка ўздыхнуў і зноў сеў насупраць мяне. Твар ягоны зрабіўся зусім іншы, вочы жаласныя, і нейкая дзіўная амаль усмешка моршчыла ягоныя губы.— Я стаміўся крышку, але я раскажу. Часу яшчэ шмат, яшчэ не світае. Так, так,— пачаў ён зноў, закурыўшы папяросу.— Яна пагрубела з тае пары, як перастала раджаць, і хвароба гэтая — пакута вечная праз дзяцей — пачала праходзіць; не тое што праходзіць, але яна нібыта прачнулася ад п’янства, апамяталася і ўбачыла, што ёсць цэлы свет божы з яго радасцямі, на які яна забылася, але ў якім яна жыць не ўмела, свет божы, якога яна зусім не разумела. «Як бы не ўпусціць! Пройдзе час, не вернеш!» Гэтак мне ўяўляецца, што яна думала ці хутчэй адчувала, ды і нельга ёй было думаць і адчуваць інакш: яе выхавалі ў тым, што ёсць на свете толькі адно вартае ўвагі — каханне. Яна выйшла замуж, атрымала тое-сёе ад гэтага кахання, аднак не толькі далёка не тое, што абяцалася, што чакалася, але і шмат расчараванняў, пакут і тут жа нечаканую муку — дзяцей! Мука гэтая знясілела яе. I вось, дзякуючы паслужлівым дактарам, яна даведалася, што можна абысціся і без дзяцей. Яна узрадавалася, зведала гэта і ажыла зноў для аднаго таго, што яна ведала,— для кахання. Але каханне з апаскуджаным і рэўнасцю і рознай злосцю мужам было ўжо не тое. Ёй пачало ўяўляцца нейкае іншае, чысценькае, новенькае каханне, ва ўсякім разе я гэтак думаў пра яе. I вось яна стала аглядацца, як быццам нечага чакала. Я гэта бачыў і не мог не хвалявацца. Скрозь і ўсюды пачало здарацца тое, што яна, як і заўсёды, размаўляючы са мною пры дапамозе іншых, гэта значыць, гаворачы з іншымі, але звяртаючы гаворку да мяне, выказвала смела, зусім не думаючы аб тым, што яна гадзіну таму назад казала процілеглае, выказвала напаўсур’ёзна, што мацярынскі клопат — гэта ашуканства, што не варта аддаваць сваё жыццё дзецям, калі ёсць маладосць і можна цешыцца жыццём. Яна займалася дзецьмі менш, не з гэтакай самаахвярнасцю, як раней, але болей і болей займалася сабою, сваёю знешнасцю, хаця яна і хавала гэта, і сваімі ўцехамі і нават удасканаленнем сябе. Яна зноў з захапленнем узялася за фартэпіяна, якое раней было зусім закінута. З гэтага ўсё і пачалося.