Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 61

Леў Мікалаевіч Талстой

Вядома, гэта не любоў, а эгаізм. Аднак і асудзіць іх, матак з багатых сем’яў, за гэты эгаізм — не падымаецца рука, калі ўспомніш, колькі яны папакутуюць праз здароўе дзяцей дзякуючы зноў тым жа дактарам у нашым панскім жыцці. Як успомню толькі, нават цяпер, жыццё і жончына становішча ў першы час, калі было трое, чацвёра дзяцей і яна ўся была занята імі,— жах бярэ. Жыцця ў нас не было зусім. Гэта была нейкая вечная небяспека, паратунак ад яе, потым зноў небяспека, зноў шалёныя намаганні і зноў паратунак — заўсёды гэткае становішча, як на асуджаным караблі. Падчас мне здавалася, што гэта назнарок рабілася, што яна прыкідвалася, быццам непакоілася за дзяцей, каб перамагчы мяне. Гэта так заманліва, проста вырашала ў яе карысць усе пытанні. Мне здавалася часам, што ўсё, што яна ў гэтых выпадках рабіла і казала,— яна рабіла і казала назнарок. Аднак не, яна сама заўсёды страшэнна мучылася і каялася з дзецьмі, з іх здароўем і хваробамі. Гэта была пакута для яе і для мяне таксама. I нельга ёй было не мучыцца. Бо прыхільнасць да дзяцей, жывёльная патрэба карміць, песціць, абараняць іх — была, як яна і ёсць у большасці жанчын, але не было таго, што ёсць у жывёлін — адсутнасці фантазіі і розуму. Курыца не баіцца таго, што можа здарыцца з яе куранём, не ведае ўсіх тых хвароб, якія могуць напаткаць яго, не ведае ўсіх тых сродкаў, на якія людзі спадзяюцца і думаюць, што яны могуць ратаваць ад хвароб і смерці. I дзеці для яе, для курыцы, не пакута. Яна робіць для сваіх куранят тое, што ёй уласціва і радасна рабіць; дзеці для яе радасць. I калі кураня пачынае хварэць, яе клопаты вельмі дакладныя: яна саграе, корміць яго. I робячы гэта, ведае, што яна робіць усё, што трэба. Здохне кураня, яна не пытаецца ў сябе, чаго яно памерла, куды яно пайшло, паквокча, потым перастане і працягвае жыць па-ранейшаму. А вось для нашых няшчасных жанчын і для мае жонкі было не тое. Ужо не кажучы пра хваробы — як лячыць, пра тое, як выхоўваць, гадаваць, яна з усіх бакоў чула і чытала бясконца разнастайныя і непастаянныя парады. Карміць гэтак, тым; не, не гэтак, не тым, а вось так; апранаць, паіць, купаць, класці спаць, гуляць, паветра,— на ўсё гэта мы, яна пераважна, кожны тыдзень чула новыя парады. Быццам бы з учарашняга дня пачалі нараджацца дзеці. А не так накармілі, не так выкупалі, не ў час, і захварэла дзіця, і выходзіць, што вінавата яна, зрабіла не тое, што трэба рабіць.

Гэта пакуль здароўе. I то пакута. А ўжо як захварэў, тады бяда. Сапраўднае пекла. Маецца на ўвазе, што хваробу можна лячыць і што ёсць такая навука і такія людзі — дактары, і яны ведаюць. Не ўсе, а самыя лепшыя ведаюць. I вось дзіця хворае, і трэба натрапіць на гэтага самага лепшага, таго, які ратуе, і тады дзіця выратавана; а не захапіў гэтага доктара або жывеш не ў тым месцы, дзе жыве гэты доктар,— і дзіця загінула. I гэта не яе выключная вера, а гэта вера ўсіх жанчын яе кола, і з усіх бакоў яна чуе толькі гэта: у Екацярыны Сямёнаўны памерла двое, таму што не паклікалі своечасова Івана Захаравіча, а ў Мар’і Іванаўны Іван Захаравіч выратаваў старэйшую дзяўчынку; а вось у Пятровых у час, па парадзе доктара, раз’ехаліся па гасцініцах — і асталіся жывыя, а не раз’ехаліся — і памерлі дзеці. А ў той было кволае дзіця, пераехалі, па парадзе доктара, на поўдзень — і выратавалі дзіця. Як жа тут не пакутаваць і не хвалявацца ўсё жыццё, калі жыццё дзяцей, да якіх яна жывёльна прывязана, залежыць ад таго, што яна своечасова дазнаецца пра тое, што скажа Іван Захаравіч. А што скажа Іван Захаравіч, ніхто не ведае, менш за ўсё ён сам, таму што ён дужа добра ведае, што ён нічога не ведае і нічым памагчы не можа, а сам толькі віляе як папала, каб толькі не перасталі верыць, што ён нешта ведае. Бо каб яна была зусім жывёліна, яна гэтак бы не пакутавала; каб жа яна была зусім чалавек, дык у яе была б вера ў бога, і яна гаварыла б і думала, як гавораць набожныя бабы: «Бог даў, бог і ўзяў, ад бога не ўцячэш». Яна думала б, што жыццё і смерць як усіх людзей, гэтак і яе дзяцей, па-за ўладаю людзей, а ва ўладзе толькі бога, і тады б яна не пакутавала праз тое, што ў яе ўладзе было папярэдзіць хваробы і смерць дзяцей, а яна гэтага не зрабіла. Яе ж становішча было такое: паявіліся самыя кволыя, схільныя да безлічы хвароб, слабыя істоты. Да істот гэтых яна адчувае палкую жывёльную любасць. Апрача таго, істоты гэтыя даручаны ёй, а разам з тым сродкі захавання гэтых істот схаваны ад нас і адкрыты зусім чужым людзям, паслугі і парады якіх можна набываць толькі за вялікія грошы, і то не заўсёды.