Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 64

Леў Мікалаевіч Талстой

Гэтак мы і жылі, у бясконцым тумане не бачачы таго становішча, у якім мы знаходзіліся. I каб не здарылася таго, што здарылася, і я гэтак бы пражыў яшчэ да старасці, я так бы і думаў, паміраючы, што я пражыў добрае жыццё, не надта добрае, але і не кепскае, гэткае, як усе; я не разумеў бы тае бездані няшчасця і тае агіднае хлусні, у якой я валтузіўся.

А мы былі два калоднікі, якія ненавідзелі адно аднаго і былі звязаны адным ланцугом, якія атручвалі адно аднаму жыццё і стараліся не заўважаць гэтага. Я яшчэ не ведаў тады, што 0,99 сямей жывуць у гэткім жа пекле, як і я жыў, і што гэта не можа быць іначай. Тады я яшчэ не ведаў гэтага ні пра іншых, ні пра сябе.

Дзіўна, якія супадзенні і ў правільным і нават у няправільным жыцці! Якраз калі ў бацькоў жыццё становіцца невыноснае, неабходнымі становяцца і гарадскія ўмовы для выхавання дзяцей. I вось паяўляецца патрэба ў пераездзе ў горад.

Ён змоўк і разы са два азваўся сваімі дзіўнымі гукамі, якія цяпер ужо зусім падобны былі да стрыманага рыдання. Мы падыходзілі да станцыі.

— Каторая гадзіна? — спытаў ён.

Я зірнуў, было дзве гадзіны.

— Вы не стаміліся? — спытаў ён.

— Не, але вы стаміліся.

— Мяне душыць. Дазвольце, я прайдуся, вып’ю вады.

I ён, хістаючыся, пайшоў цераз вагон. Я сядзеў адзін, прыгадваючы ўсё, што ён сказаў мне, і гэтак задумаўся, што і не заўважыў, калі ён вярнуўся праз другія дзверы.

XVIII

— Так, я ўсё захапляюся,— пачаў ён.— Шмат я перадумаў, на шмат што я гляджу па-іншаму, і пра ўсё гэта хочацца сказаць. Ну, і пачалі жыць у горадзе. У горадзе няшчасным людзям жыць лепей. У горадзе чалавек можа пражыць сто гадоў і не ўгледзець таго, што ён даўно памёр і згніў. Разбірацца з самім сабою няма калі, усё занята. Справы, грамадскія адносіны, здароўе, мастацтва, здароўе дзяцей, іх выхаванне. Бо трэба прымаць тых і гэтых, ехаць да тых і гэтых; то трэба паглядзець гэтую, паслухаць гэтага ці гэтую. У горадзе ў кожны дадзены момант ёсць адна, а то адразу дзве, тры славутасці, якіх ніяк нельга прапусціць. То трэба лячыць сябе, таго ці гэтага, то настаўнікі, рэпетытары, гувернанткі, а жыццё пустышка. Ну, гэтак мы і жылі і меней адчувалі болю ад сужыцця. Апрача таго, першы час быў цудоўны занятак — уладкаванне ў новым горадзе, на новай кватэры, і яшчэ занятак — пераезды з горада ў вёску і з вёскі ў горад.

Пражылі адну зіму, а на другую зіму здарылася яшчэ адна акалічнасць, нікому не прыкметная і на першы погляд зусім нікчэмная, але такая, якая і з’явілася прычынаю ўсяго таго, што адбылося. Яна была хворая, і нягоднікі не дазволілі ёй раджаць і навучылі сродку. Для мяне гэта было агідна. Я змагаўся супраць гэтага, але яна з легкадумнаю ўпартасцю настояла на сваім, і я скарыўся; апошняе апраўданне свінскага жыцця — дзеці — было адабрана, і жыццё стала яшчэ больш брыдкае.

Мужыку, работніку, дзеці патрэбны, хаця і цяжка яму пракарміць, але яны яму патрэбны, і таму яго сямейныя адносіны маюць апраўданне.

А вось нам, людзям, якія маюць дзяцей, яшчэ дзеці не патрэбны, яны — лішні клопат, выдаткі, спадчыннікі, яны ў цяжар. I апраўдання свінскага жыцця для нас ужо няма ніякага. Або мы штучна пазбаўляемся дзяцей, або глядзім на дзяцей як на няшчасце, вынік неасцярожнасці, што яшчэ горш. Апраўдання няма. Але мы так маральна палі, што мы нават не бачым патрэбы ў апраўданні. Большасць цяперашняга адукаванага свету аддаецца гэтай распусце без усякага дакору сумлення.