Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 62

Леў Мікалаевіч Талстой

Усё жыццё з дзецьмі і было для жонкі, а таму і для мяне, не радасцю, а пакутаю. Як жа не пакутаваць? Яна заўсёды і пакутавала. Бывала, толькі супакоімся ад якой-небудзь сцэны рэўнасці або проста сваркі і думаем пажыць, пачытаць і падумаць; толькі возьмешся за якую-небудзь справу, раптам атрымліваеш паведамленне, што Васю ванітуе, або Маша схадзіла з крывёю, або ў Андрушкі высыпка, ну і вядома, жыцця ўжо няма. Куды скакаць, па якіх дактароў, куды аддзяліць? I пачынаюцца клістыры, тэмпературы, мікстуры і дактары. Не паспее гэта скончыцца, як пачынаецца нешта іншае. Правільнага, цвёрдага сямейнага жыцця не было. А было, як я вам казаў, безупыннае выратаванне ад уяўных і сапраўдных небяспек. Але ж гэта цяпер у большасці сямей. У маёй жа сям’і было асабліва рэзка. Жонка была дзеталюбнаю і легкавернаю.

Таму прысутнасць дзяцей не толькі не паляпшала нашага жыцця, але атручвала яго. Апрача таго, дзеці — гэта была для нас новая прычына разладу. З тае пары як былі дзеці і чым больш яны раслі, тым часцей менавіта самі дзеці былі і сродкам і прычынаю разладу. Не толькі прычынаю разладу, але дзеці былі зброяй барацьбы; мы нібыта біліся адно з адным дзецьмі. У кожнага з нас было сваё любімае дзіця — зброя ў бойцы. Я біўся часцей Васем, старэйшым, а яна Лізаю. Апрача таго, калі дзеці падраслі і вызначыліся іх характары, зрабілася тое, што яны сталі саюзнікамі, якіх мы прыцягнулі кожны на свой бок. Яны страшэнна пакутавалі праз гэта, небаракі, але нам, у нашай няспыннай вайне, не да таго было, каб думаць пра іх. Дзяўчынка трымала мой бок, хлопчык жа старэйшы, падобны да яе, яе ўлюбёнец, часта быў ненавісны мне.