Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 60

Леў Мікалаевіч Талстой

Цяпер ужо нельга сказаць: «Ты жывеш кепска, жыві лепш»,— нельга гэтага сказаць ні сабе, ні другому. А калі кепска жывеш, дык прычына ў ненармальнай рабоце нерваў ці да т. п. I трэба пайсці да іх, а яны выпішуць на трыццаць пяць капеек у аптэцы лекаў, і вы прымайце. Вы адчуеце сябе яшчэ горш, тады яшчэ лекаў і яшчэ доктара. Цудоўная штука!

Але не ў гэтым справа. Я толькі казаў пра тое, што яна вельмі добра сама карміла дзяцей і што гэтае кармленне дзяцей ратавала мяне ад пакут рэўнасці. Каб не гэта, усё здарылася б раней. Дзеці ратавалі мяне і яе. За восем гадоў у яе нарадзілася пяць чалавек дзяцей. I ўсіх яна карміла сама.

— Дзе ж яны зараз, вашы дзеці? — спытаў я.

— Дзеці? — спалохана перапыніў ён.

— Прабачце мне, можа, вам цяжка ўспамінаць?

— Не, нічога. Дзяцей маіх узяла мая швагерка і яе брат. Яны не далі іх мне. Я ім аддаў маёмасць, а яны мне іх не далі. Бо я як вар’ят. Я зараз еду ад іх. Я бачыў іх, але мне іх не дадуць. А то я выхаваю іх гэтак, што яны не будуць такія, як іх бацькі. А трэба, каб былі гэткія ж. Але што зробіш! Вядома, мне іх не дадуць і не павераць. Ды я і не ведаю, ці змог бы я выхаваць іх. Мне здаецца, што не. Я — руіна, калека. Адно ў мяне ёсць. Я ведаю. Так, гэта праўда, што я ведаю тое, пра што ўсе даведаюцца яшчэ не хутка.

Так, дзеці жывыя і растуць гэткімі ж дзікунамі, як і ўсе вакол. Я бачыў іх, тры разы бачыў. Нічога я не магу для іх зрабіць. Нічога. Еду цяпер к сабе на поўдзень. У мяне там дамок і садзік.

Так, не хутка яшчэ людзі даведаюцца пра тое, што я ведаю. Ці шмат жалеза і якія металы на сонцы і на зорках — пра гэта хутка даведацца можна; а вось пра тое, што выкрывае наша свінства,— даведацца цяжка, страшэнна цяжка...

Вы хоць слухаеце, я і за гэта ўдзячны.

XVI

— Вось вы нагадалі пра дзяцей. Зноў нейкая страшэнная хлусня ідзе пра дзяцей. Дзеці — благаславенне божае, дзеці — радасць. Гэта ж усё мана. Усё гэта было калісьці, а цяпер нічога гэтага няма. Дзеці — пакута, і больш нічога. Большасць матак гэта і адчувае, а часам незнарок і гавораць пра гэта. Спытайце ў большасці матак з нашага асяроддзя багатых людзей, яны вам скажуць, што ад страху, што дзеці іх могуць хварэць і паміраць, яны не хочуць мець дзяцей, не хочуць карміць, калі ўжо нарадзілі, каб не прывязацца і не пакутаваць. Радасці, якія прыносіць ім дзіця сваёю чароўнасцю, сваімі ручкамі, ножкамі, цельцам усім, уцехі, якія прыносіць дзіця,— меншыя за пакуты, якія яны церпяць — не кажучы ўжо ад хваробы ці страты дзіцяці, але ад аднаго страху за верагоднасць хвароб і смерці. Узважыўшы выгоды і нявыгады, выходзіць, што нявыгадна і таму непажадана мець дзяцей. Яны пра гэта адкрыта, смела гавораць, уяўляючы, што гэтыя пачуцці нараджаюцца ў іх ад любві да дзяцей, пачуцці добрага і пахвальнага, якімі яны ганарацца. Яны не прыкмячаюць таго, што гэтымі разважаннямі яны начыста адмаўляюць любоў, а сцвярджаюць толькі свой эгаізм. Для іх меней радасці ад чароўнасці дзіцяці, чым пакут ад страху за яго, і таму не патрэбна тое дзіця, якога яны будуць любіць. Яны ахвяруюць не сабою дзеля мілае істоты, а мілаю істотаю, якая мае быць, дзеля сябе.