Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 59

Леў Мікалаевіч Талстой

XV

— Я на працягу ўсяго майго жанатага жыцця ніколі не пераставаў адчуваць пакут рэўнасці. Але былі перыяды, калі я асабліва востра мучыўся праз гэта. I адзін з такіх перыядаў быў той, калі пасля першага дзіцяці дактары забаранілі ёй карміць. Я асабліва раўнаваў у гэты час, па-першае, таму, што жонка адчувала той уласцівы маці неспакой, які павінен выклікаць беспрычыннае парушэнне правільнага ходу жыцця; па-другое, таму, што, убачыўшы, як яна лёгка адкінула маральны абавязак маці, я справядліва, хоць і падсвядома, вырашыў, што ёй гэтак жа лёгка будзе адкінуць і сямейны, тым болей, што яна была зусім здаровая і, нягледзячы на забарону мілых дактароў, карміла наступных дзяцей сама і выкарміла цудоўна.

— Аднак вы не любіце дактароў,— сказаў я, адчуўшы асабліва злосны тон голасу кожны раз, як ён упамінаў толькі пра іх.

— Тут не справа любві і не любві. Яны загубілі маё жыццё, як яны загубілі і губяць жыццё тысяч, соцень тысяч людзей, а я не магу не звязваць выніку з прычынай. Я разумею, што ім хочацца, гэтак жа як і адвакатам і іншым, нажываць грошы, а я ахвотна б аддаў ім палову свайго даходу, і кожны, каб разумеў тое, што яны робяць, ахвотна б аддаў ім палову свайго дастатку, толькі каб яны не ўмешваліся ў ваша сямейнае жыццё, ніколі б блізка не падыходзілі да вас. Я не збіраў звестак, але я ведаю дзесяткі выпадкаў — іх процьма,— калі яны забілі то дзіця ў чэраве маці, сцвярджаючы, што маці не можа разрадзіцца, а маці потым раджае цудоўна, то матак пад выглядам нейкіх аперацый. Ніхто ж не лічыць гэтых забойстваў, як не лічылі забойстваў інквізіцыі, таму што меркавалі, што гэта на карысць чалавецтва. Немагчыма пералічыць злачынстваў, якія яны ўчыняюць. Аднак усе гэтыя злачынствы нішто ў параўнанні з тым маральным разлажэннем матэрыялізму, якое яны нясуць у свет, асабліва праз жанчын. Ужо не кажу пра тое, што калі толькі прыслухоўвацца да іх указанняў, дык дзякуючы заразе паўсюль, ва ўсім, людзям трэба не ісці да згуртавання, а да раз’яднання: усім трэба, паводле іх вучэння, сядзець асобна і не выпускаць з рота спрынцоўкі з карболавай кіслатой (дарэчы, адкрылі, што і яна не падыходзіць). Але і гэта нішто. Атрута галоўная — у разбэшчванні людзей, асабліва жанчын.