Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 58

Леў Мікалаевіч Талстой

Вызваляюць жанчыну на курсах і ў палатах, а пазіраюць на яе як на прыладу асалоды. Навучыце яе, як яна навучана ў нас, пазіраць гэтак на самую сябе, і яна заўсёды астанецца ніжэйшаю істотаю. Ці яна будзе з дапамогаю паганцаў-дактароў папярэджваць зараджэнне плода, гэта значыць будзе закончаная прастытутка, якая апусцілася не на ступень жывёліны, але на ступень рэчы, або яна будзе тым, кім яна ёсць у большасці выпадкаў,— хвораю душэўна, істэрычнаю, няшчаснаю, якія яны і ёсць, без магчымасці духоўнага развіцця.

Гімназіі і курсы не могуць змяніць гэтага. Змяніць гэта можа толькі перамена поглядаў мужчын на жанчын і жанчын саміх на сябе. Зменіцца гэта толькі тады, калі жанчына будзе лічыць вышэйшым становішчам становішча нявінніцы, а не так, як цяпер, вышэйшае становішча чалавека — сорамам, ганьбаю. Пакуль жа гэтага няма, ідэал кожнае дзяўчыны, якою б ні была яе адукацыя, будзе ўсё ж той, каб прывабіць да сябе як мага больш мужчын, як мага больш самцоў, з тым каб мець магчымасць выбару.

А тое, што адна крыху болей ведае матэматыкі, а другая ўмее іграць на арфе,— гэта нічога не зменіць. Жанчына шчаслівая і дабіваецца ўсяго, чаго толькі можа жадаць, калі яна зачаруе мужчыну. I таму галоўная задача жанчыны — умець зачараваць яго. Гэтак яно было і будзе. Гэтак яно ў дзявочым жыцці ў нашым свеце, гэтак працягваецца і ў замужнім. У дзявочым жыцці гэта трэба для выбару, у замужнім — для панавання над мужам.

Аднак, што спыняе ці хоць прыглушае на час гэта, гэта — дзеці, ды і то тады, калі жанчына не пачвара, гэта значыць, сама корміць. Аднак тут зноў дактары.

З маёю жонкаю, якая сама хацела карміць і карміла наступных пяцярых дзяцей, здарылася з першым жа дзіцем нездароўе. Дактары гэтыя, якія цынічна распраналі і абмацвалі яе ўсюды, за што я павінен быў ім дзякаваць і плаціць ім грошы,— дактары гэтыя мілыя вырашылі, што яна не павінна карміць, і яна на нейкі час пазбаўлена была таго адзінага сродку, які мог вызваліць яе ад какетства. Карміла мамка, гэта значыць, што мы выкарысталі беднасць, галечу і цемнату жанчыны, перацягнулі яе ад яе дзіцяці да свайго і за гэта апранулі яе ў какошнік з галунамі. Але не ў гэтым справа. Справа ў тым, што ў гэты самы час яе свабоды ад цяжарнасці і кармлення ў ёй з незвычайнаю сілаю выявілася раней прыглушанае гэтае жаночае какецтва. I ў мяне, адпаведна гэтаму, з гэткаю ж незвычайнаю сілаю выявіліся пакуты рэўнасці, якія безупынна мучылі мяне на працягу ўсяго майго жанатага жыцця, як яны і не могуць не мучыць усіх тых мужчын, якія жывуць з жонкамі, як я жыў, гэта значыць, распусна.