Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 6

Леў Мікалаевіч Талстой

— Што, браток Гарасім? — сказаў Пётр Іванавіч, каб толькі сказаць што-небудзь.— Шкада?

— Божая воля. Усе там будзем,— сказаў Гарасім, выскаляючы свае белыя, суцэльныя мужыцкія зубы, і, як чалавек у часе гарачае працы, жвава адчыніў дзверы, гукнуў фурмана, падсадзіў Пятра Іванавіча і скокнуў назад да ганка, нібы прыкідваючы, што б яму яшчэ зрабіць.

Пятру Іванавічу асабліва прыемна было дыхнуць чыстым паветрам пасля паху ладану, трупа і карболавае кіслаты.

— Куды загадаеце? — спытаў фурман.

— Не позна. Заеду да Федара Васільевіча.

I Пётр Іванавіч паехаў. I сапраўды, застаў іх за заканчэннем першага робера, таму было яму зручна падключыцца пятым.

II

Былая гісторыя жыцця Івана Ільіча была самая простая і звычайная і самая жахлівая.

Іван Ільіч памёр сарака пяці гадоў, членам Судовае палаты. Ён быў сын чыноўніка, які зрабіў у Пецярбургу па розных міністэрствах і дэпартаментах тую кар’еру, якая даводзіць людзей да таго становішча, пры якім хаця і зразумела, што выконваць якую-небудзь істотную пасаду яны не здатны, яны ўсё ж па сваёй доўгай і былой службе і сваіх чынах не могуць быць выгнаны і таму атрымліваюць выдуманыя фіктыўныя месцы і нефіктыўныя тысячы, ад шасці да дзесяці, з якімі яны і дажываюць да глыбокае старасці.

Гэткім быў тайны саветнік, непатрэбны член розных непатрэбных устаноў, Ілья Яфімавіч Галавін.

У яго было тры сыны. Іван Ільіч быў другі сын. Старэйшы зрабіў гэткую ж кар’еру, як і бацька, толькі па іншым міністэрстве, і ўжо блізка падыходзіў да таго службовага ўзросту, калі набываецца гэтая інерцыя пэнсіі. Трэці сын быў няўдачнік. Ён у розных месцах усюды нашкодзіў сабе і цяпер служыў па чыгунках: і ягоны бацька, і браты, і асабліва іх жонкі не толькі не любілі сустракацца з ім, але без пільнае патрэбы і не ўспаміналі пра ягонае існаванне. Сястра была за баронам Грэфам, гэткім жа пецярбургскім чыноўнікам, як і ягоны цесць. Іван Ільіч быў le phenix de la famille [], як казалі. Ён быў не такі халодны і акуратны, як старэйшы, і не такі рызыкоўны, як малодшы. Ён быў сярэдзіна паміж імі — разумны, дзейны, прыемны і прыстойны чалавек.

Выхоўваўся ён разам з малодшым братам у Правазнаўстве. Малодшы не скончыў і быў выгнаны з пятага класа, Іван жа Ільіч добра скончыў курс. У Правазнаўстве ён ужо быў тым, чым ён быў потым усё сваё жыццё: чалавекам здольным, вясёла-дабрадушным і таварыскім, хаця заўсёды строга выконваў тое, што лічыў сваім абавязкам; абавязкам жа ён сваім лічыў усё тое, што лічылі абавязкам і найвышэй пастаўленыя людзі. Ён не быў ліслівым ні хлопчыкам, ні потым дарослым чалавекам, але ў яго з самых маладых гадоў было тое, што ён, як муха да святла, цягнуўся да найвышэй пастаўленых у свеце людзей, засвойваў сабе іх прыёмы, іх погляды на жыццё і з імі наладжваў сяброўскія адносіны. Усе захапленні маленства і маладосці прайшлі для яго, не пакінуўшы глыбокага следу; ён аддаваўся і пажадлівасці і пыхлівасці, і — пазней, у вышэйшых класах — ліберальнасці, аднак усё у пэўных межах, якія дакладна падказвала яму ягонае пачуццё.