Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 7

Леў Мікалаевіч Талстой

Былі ў Правазнаўстве дапушчаны ім учынкі, якія раней уяўляліся яму вялікім паскудствам і выклікалі ў ім агіду да самога сябе ў той час, як ён дапускаў іх; але пазней, убачыўшы, што ўчынкі гэтыя дапускаліся людзьмі і высока пастаўленымі і не лічыліся імі благімі, ён не тое што прызнаў іх добрымі, але зусім забыўся на іх і зусім не перажываў, калі іх прыгадваў.

Калі Іван Ільіч пасля дзесятага класа выйшаў з Правазнаўства і атрымаў ад бацькі грошы на абмундзіроўку, ён заказаў сабе адзенне ў Шармера, павесіў на бірулькі медалёк з надпісам: «respice finem» [] развітаўся з прынцам і выхавальнікам, паабедаў з таварышамі ў Дадона і з новым модным чамаданам, бялізнаю і адзежаю, брытваю, рэчамі туалету і пледам, заказанымі і купленымі ў самых лепшых крамах, выехаў у правінцыю на месца чыноўніка асобых даручэнняў губернатара, якое падрыхтаваў яму бацька.

У правінцыі Іван Ільіч адразу наладзіў сабе гэткія ж лёгкія і прыемныя ўмовы, якія былі ў яго і ў Правазнаўстве. Ён служыў, рабіў кар’еру і разам з тым добра і прыстойна весяліўся; зрэдку ён ездзіў па даручэнні начальства ў паветы, трымаў сябе годным чынам і з вышэйшымі і з ніжэйшымі і з непадкупнай сумленнасцю, якою не мог не ганарыцца, выконваў ускладзеныя на яго даручэнні, пераважна па справах раскольнікаў.

У службовых справах ён быў, нягледзячы на сваю маладосць і схільнасць да бесклапотнае весялосці, надзвычай стрыманы, афіцыйны і нават строгі; аднак у грамадскіх ён быў часта дураслівы і дасціпны і заўсёды дабрадушны, прыстойны і bon enfant [], як казаў пра яго ягоны начальнік і начальніца, у якіх ён быў сваім чалавекам.

Была ў правінцыі і сувязь з адною дамаю, якая навязалася франтаватаму правазнаўцу; была і мадыстка; былі і выпіўкі з прыезджымі флігель-ад’ютантамі і паездкі ў дальнюю вуліцу пасля вячэры; было і падслужванне начальніку і нават жонцы начальніка, аднак усё гэта насіла на сабе такі высокі тон прыстойнасці, што ўсё гэта падыходзіла толькі пад рубрыку французскага выслоўя: il fant gue jeunesse se passe []. Усё рабілася чыстымі рукамі, у чыстых кашулях, з французскімі словамі і, галоўнае, у самым высокім грамадстве, значыць, са згоды высокіх людзей.

Гэтак праслужыў Іван Ільіч пяць гадоў, і прыйшла перамена па службе. Паявіліся новыя судовыя ўстановы; патрэбны былі новыя людзі.

I Іван Ільіч стаў гэтым новым чалавекам.

Івану Ільічу прапанавана было месца судовага следчага, і Іван Ільіч прыняў яго, нягледзячы на тое, што месца гэта было ў іншай губерніі, і яму трэба было парываць прывычныя сувязі і наладжваць новыя. Івана Ільіча праводзілі сябры, арганізавалі групу, паднеслі яму сярэбраную папяросніцу, і ён паехаў на новае месца.