Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 8

Леў Мікалаевіч Талстой

Іван Ільіч быў гэткім жа comme il fant’ным, прыстойным судовым следчым як да гэтага і чыноўнікам асобых даручэнняў, ён умеў аддзяляць службовыя абавязкі ад прыватнага жыцця і выклікаў агульную павагу да сябе. Сама служба следчага ўяўляла для Івана Ільіча значна большую цікавасць і прывабнасць за ранейшую. На ранейшай службе прыемна было вольнаю хадою ў шармераўскім віцмундзіры прайсці міма баязлівых просьбітаў, якія чакалі прыёму, і службовых асоб, якія зайздросцілі яму, проста ў кабінет начальніка і сесці з ім за чай з папяросаю; аднак людзей, якія непасрэдна залежалі ад ягонага свавольства, было мала. Такія людзі былі толькі спраўнікі і раскольнікі, калі яго пасылалі з даручэннямі; і ён любіў пачціва, амаль па-таварыску абыходзіцца з такімі людзьмі, якія залежалі ад яго, любіў, каб яны адчулі, што вось ён, усемагутны, па-сяброўску, проста ставіцца да іх. Такіх людзей тады было мала. Цяпер жа, судовым следчым, Іван Ільіч адчуваў, што ўсе, усе без выключэння, самыя важныя, самаздаволеныя людзі — усе ў ягоных руках і што яму варта толькі напісаць вядомыя словы на паперы з загалоўкам, і гэтага важнага, самаздаволенага чалавека прывядуць да яго ў якасці абвінавачанага або сведкі, і той будзе, калі ён не захоча пасадзіць яго, стаяць перад ім і адказваць на ягоныя пытанні. Іван Ільіч ніколі не злоўжываў гэтай сваёй уладай, наадварот, стараўся змякчаць праяўленне яе; аднак уведамленне гэтае ўлады і магчымасць змякчаць яе складалі для яго галоўную цікавасць і прывабнасць яго новай службы. У самой жа службе, менавіта ў яе выніках, Іван Ільіч вельмі хутка засвоіў прыём адхілення ад сябе ўсіх акалічнасцей, якія не тычыліся службы, і надання любой самай складанай справе такой формы, пры якой бы справы толькі знешнім чынам адбіваліся на паперы і пры якой цалкам бы выключалася яго асабістая думка і, галоўнае, захоўвалася б уся патрэбная фармальнасць. Справа гэта была новая. I ён быў адзін з першых, хто выпрацаваў на практыцы прыдатнасць статутаў 1864 года.

Абсталяваўшыся ў новым горадзе на месцы судовага следчага, Іван Ільіч зрабіў новыя знаёмствы, сувязі, па-новаму паставіў сябе і ўзяў крышку іншы тон. Ён паставіў сябе на пэўнай адлегласці ад губернатарскіх улад, выбраў лепшае кола з судзейскіх і багатых дваран, якія жылі ў горадзе, і ўзяў тон лёгкай незадаволенасці ўрадам, памяркоўнай ліберальнасці і цывілізаванае грамадзянскасці. Пры гэтым, ніколькі не змяніўшы элегантнасці свайго туалету, Іван Ільіч на новай пасадзе перастаў прагольваць падбародак і даў волю барадзе расці, дзе яна хоча.

Жыццё Івана Ільіча і ў новым горадзе склалася вельмі прыемна: грамадства, якое франдзіравала супроць губернатара, было дружнае і добрае; пэнсія была большая, і немалую радасць ў жыцці дадаў тады віст, у які пачаў гуляць Іван Ільіч; ён меў здольнасць гуляць у карты весела, хутка і вельмі тонка кеміў і таму амаль заўсёды выйграваў.