Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 4

Леў Мікалаевіч Талстой

— Курыце, калі ласка,— сказала яна велікадушным і разам з тым сумным голасам і занялася з Сакаловым пытаннем аб кошце месца. Пётр Іванавіч, закурваючы, чуў, што яна вельмі падрабязна распытвала пра розныя цэны на зямлю і вызначыла тую, якую трэба ўзяць. Апрача таго, скончыўшы з месцам, яна распарадзілася і адносна пеўчых. Сакалоў пайшоў.

— Я ўсё сама раблю,— сказала яна Пятру Іванавічу, адсоўваючы ўбок альбомы, якія ляжалі на стале; і, заўважыўшы, што попел пагражаў сталу, не марудзячы падсунула Пятру Іванавічу попельніцу і дадала: — Я лічу прытворствам пераконваць, што я не магу ад гора займацца практычнымі справамі. Мяне, наадварот, калі можа што не суцешыць... а развесяліць, дык гэта клопат аб ім жа.— Яна зноў дастала насоўку, нібы збіраючыся плакаць, і раптам, як бы перасільваючы сябе, падбадзёрылася і пачала гаварыць спакойна:

— Аднак у мяне справа ёсць да вас.

Пётр Іванавіч пакланіўся, не даючы разыходзіцца пружынам пуфа, якія адразу былі заварушыліся пад ім.

— У апошнія дні ён страшэнна пакутаваў.

— Вельмі пакутаваў? — спытаў Пётр Іванавіч.

— Ах, жахліва! Апошнія не хвіліны, а гадзіны ён не перастаючы крычаў. Трое сутак запар ён, не пераводзячы голасу, крычаў. Гэта было невыносна. Я не магу зразумець, як я перажыла гэта; за трыма дзвярыма чуваць было. Ах! як я перажыла!

— I няўжо ён быў у поўнай памяці? — спытаў Пётр Іванавіч.

— Так,— прашаптала яна,— да апошняе хвіліны. Ён развітаўся з намі за чвэртку гадзіны да смерці і яшчэ прасіў вывесці Валодзю.