Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 5

Леў Мікалаевіч Талстой

Думка аб пакутах чалавека, якога ён ведаў гэтак добра, спачатку вясёлым хлопчыкам, школьнікам, потым дарослым партнёрам, нягледзячы на непрыемнае ўсведамленне прытворства свайго і гэтае жанчыны, раптам жахнула Пятра Іванавіча. Ён убачыў зноў гэты лоб, нос, які ціснуў на губу, і яму зрабілася страшна за сябе.

«Трое сутак жахлівых пакут і смерць. Гэтае ж самае зараз, кожную хвіліну можа напаткаць і мяне,— падумаў ён, і яму зрабілася на нейкае імгненне страшна. Але адразу, ён нават сам не ведаў як, яму на дапамогу прыйшла звычайная думка, што гэта здарылася з Іванам Ільічом, а не з ім і што з ім гэта здарыцца не павінна і не можа; што, разважаючы гэтак, ён паддаецца змрочнаму настрою, чаго не трэба рабіць, як гэта відаць было на Шварцавым твары. I, разважыўшы гэтак, Пётр Іванавіч супакоіўся і з цікавасцю стаў распытваць пра падрабязнасці смерці Івана Ільіча, як быццам смерць была такою прыгодаю, якая ўласціва толькі Івану Ільічу, але зусім не ўласціва яму.

Пасля розных размоў пра падрабязнасці сапраўды жахлівых фізічных пакут, якія перажыў Іван Ільіч (пра падрабязнасці гэтыя Пётр Іванавіч даведаўся толькі па тым, як пакуты Івана Ільіча дзейнічалі на нервы Праскоўі Федараўны), удава, мусіць, знайшла патрэбным перайсці да справы.

— Ах, Пётр Іванавіч, як цяжка, як страшэнна цяжка,— і яна зноў заплакала.

Пётр Іванавіч уздыхаў і чакаў, калі яна высмаркаецца. Калі яна высмаркалася, ён сказаў:

— Паверце...— і зноў яна загаварыла і выказала тое, што было, мабыць, яе галоўнай справай да яго; справа гэта заключалася ў пытаннях аб тым, як бы з выпадку смерці мужа дастаць грошай у казне. Яна зрабіла выгляд, што пытаецца ў Пятра Іванавіча парады адносна пенсіёна; але ён бачыў, што яна ўжо ведае да драбніц і тое, чаго ён не ведаў: усё тое, што можна выцягнуць з казны ў выпадку гэтае смерці; але што ёй хацелася дазнацца, ці нельга як-небудзь выцягнуць яшчэ болей грошай. Пётр Іванавіч пастараўся выдумаць такі сродак, аднак, падумаўшы крыху і дзеля прыстойнасці палаяўшы наш урад за яго скупасць, сказаў, што, здаецца, больш нельга. Тады яна ўздыхнула і, мусіць, пачала прыдумваць сродак, як пазбавіцца свайго наведвальніка. Ён зразумеў гэта, патушыў папяроску, устаў, паціснуў руку і пайшоў у пярэдні пакой.

У сталовай з гадзіннікам, якому Іван Ільіч быў гэтак рады, што купіў у брыкабраку, Пётр Іванавіч сустрэў свяшчэнніка і яшчэ некалькіх знаёмых, якія прыехалі на паніхіду, і ўбачыў знаёмую яму прыгожую паненку, дачку Івана Ільіча. Яна была ўся ў чорным. Талія яе, вельмі тонкая, здавалася была яшчэ танчэйшая. Яна мела змрочны, рашучы, амаль гнеўны выгляд. Яна пакланілася Пятру Іванавічу, як быццам ён быў у чымсьці вінаваты. За дачкою стаяў з гэткім жа пакрыўджаным выглядам знаёмы Пятру Іванавічу багаты малады чалавек, судовы следчы, яе жаніх, як ён чуў. Ён паныла пакланіўся ім і хацеў быў прайсці ў пакой мерцвяка, як раптам з-пад усходаў паказалася постаць гімназісціка-сына, дужа падобнага да Івана Ільіча. Гэта быў маленькі Іван Ільіч, якім Пётр Іванавіч памятаў яго ў Правазнаўстве. Вочы ягоныя былі і заплаканыя і гэткія, якія бываюць у нячыстых хлопчыкаў трынаццаці-чатырнаццаці гадоў. Хлопчык, убачыўшы Пятра Іванавіча, пачаў сурова і сарамліва моршчыцца. Пётр Іванавіч кіўнуў яму галавой і зайшоў у пакой мерцвяка. Пачалася паніхіда — свечкі, стогны, слёзы, усхліпванні. Пётр Іванавіч стаяў пахмурны і пазіраў на ногі перад сабой. Ён ні разу не зірнуў на мерцвяка і да канца не паддаўся настрою і адзін з першых выйшаў. У пярэднім пакоі нікога не было. Гарасім, буфетны мужык, выскачыў з пакоя нябожчыка, перакідаў сваімі дужымі рукамі ўсе футры, каб адшукаць футра Пятра Іванавіча, і падаў яго.