Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 57

Леў Мікалаевіч Талстой

XIV

— Вось гэтакай свіннёй я і жыў,— гаварыў ён далей ранейшым тонам.— Але горш за ўсё было тое, што, жывучы гэтым паскудным жыццём, я думаў, што, паколькі я не спакушаюся іншымі жанчынамі, таму я і жыву сумленным сямейным жыццём, таму я і маральны чалавек і што я ні ў чым не вінаваты, а калі ў нас і бываюць сваркі, дык вінавата яна, яе характар.

Вінавата ж была, вядома, не яна. Яна была гэткая ж, як і ўсе, як большасць. Выхавана яна была, як таго патрабуе становішча жанчыны ў нашым грамадстве, і таму як і выхоўваюцца ўсе без выключэння жанчыны забяспечаных класаў, і як яны не могуць не выхоўвацца. Гавораць пра нейкую новую жаночую адукацыю. Усё пустыя словы: адукацыя жанчыны дакладна гэткая ж, якая павінна быць пры існуючым не прытворным, а сапраўдным усеагульным поглядзе на жанчыну.

I адукацыя жанчыны будзе заўсёды адпавядаць погляду на яе мужчыны. Усе мы ведаем, як мужчына глядзіць на жанчыну: «Wein, Weiber und Gesang» [], і гэтак у вершах паэты гавораць. Вазьміце ўсю паэзію, увесь жывапіс, скульптуру, пачынаючы з любоўных вершаў і голых Венер і Фрын, вы бачыце, што жанчына ёсць прылада асалоды; яна гэткая на Трубе, і на Грачоўцы, і на прыдворным балі. I заўважце хітрасць д’ябла: ну, асалода, уцеха, так так бы і ведаць, што асалода, што жанчына салодкі кавалак. Не, спачатку рыцары сцвярджалі, што яны багатвараць жанчыну (багатвараць, а ўсё ж пазіраюць на яе як на прыладу асалоды). Цяпер жа пераконваюць, што паважаюць жанчыну. Адны ўступаюць ёй месца, падымаюць ёй хусткі; другія прызнаюць яе правы на заняцце ўсіх пасад, на ўдзел у праўленні і г. д. Гэта ўсе робяць, а погляд на яе ўсё той жа. Яна прылада асалоды. Цела яе ёсць сродак асалоды. I яна ведае пра гэта. Усё роўна як рабства. Рабства ж не што іншае, як карыстанне адных прымусоваю працаю многіх. I таму, каб рабства не было, трэба, каб людзі не хацелі карыстацца прымусоваю працаю іншых, лічылі б гэта за грэх або сорам. А між тым возьмуць адменяць знешнюю форму рабства, зробяць так, што нельга болей афармляць купчых на рабоў, і ўяўляюць і сябе пераконваюць, што рабства ўжо няма, і не бачаць і не хочуць бачыць таго, што рабства па-ранейшаму існуе, таму што людзі дакладна гэтак жа любяць і лічаць справаю прыстойнаю і справядліваю карыстацца працаю іншых. А паколькі яны лічаць гэта справаю прыстойнаю, дык заўсёды знойдуцца людзі, якія і больш дужыя і больш хітрыя за іншых і змогуць гэта зрабіць. Тое ж і з эмансіпацыяй жанчыны. Рабства ж жанчыны толькі ў тым, што людзі хочуць і лічаць за справу прыстойную карыстацца ёю як прыладай асалоды. Ну, і вось вызваляюць жанчыну, надзяляюць яе рознымі правамі, роўнымі з мужчынскімі, але па-ранейшаму пазіраюць на яе як на прыладу асалоды, гэтак выхоўваюць яе і ў маленстве і грамадскаю думкаю. I вось яна ўсё гэткая ж прыніжаная, разбэшчаная раба, і мужчына ўсё гэткі ж разбэшчаны рабаўласнік.