Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 56

Леў Мікалаевіч Талстой

— Дык чым жа! — спытаў я.

— Вось гэта больш за ўсё і дзіўна, што ніхто не хоча ведаць таго, што так зразумела і відавочна, таго, што павінны ведаць і прапаведаваць дактары, але пра што яны маўчаць. Справа ж вельмі простая. Мужчына і жанчына створаны гэтак жа, як і жывёліна, так, што пасля плоцевага кахання пачынаецца цяжарнасць, потым кармленне, такі стан, пры якім для жанчыны, гэтак жа як і для яе дзіцяці, плоцевае каханне шкоднае. Жанчын і мужчын роўная колькасць. Што з гэтага вынікае? Здаецца, зразумела. I не трэба вялікае мудрасці, каб зрабіць з гэтага той вывад, які робіць жывёла, гэта значыць устрыманне. Аднак не. Навука дайшла да таго, што адшукала нейкія лейкацыты, якія бегаюць у крыві, і рознае непатрэбнае глупства, а гэтага не магла зразумець. Ва ўсякім разе не чуваць, каб яна гаварыла пра гэта.

I вось для жанчыны толькі два выйсці: адно — зрабіць з сябе пачвару, знішчыць або знішчаць у сабе па меры неабходнасці здольнасць быць жанчынаю, гэта значыць, быць маткаю, для таго каб мужчына мог спакойна і заўсёды мець асалоду; або другое выйсце, нават не выйсце, а звычайнае, грубае, простае парушэнне законаў прыроды, якое дапускаецца ва ўсіх так званых сумленных сем’ях. А менавіта тое, што жанчына, насуперак сваёй прыродзе, павінна быць адначасова і цяжарнай, і мамкаю, і каханкай, павінна быць тым, да чаго не апускаецца ні адна жывёліна. I сілы не хапае. I таму ў нашым побыце істэрыкі, нервы, а ў народзе — клікушы. Вы заўважце, у дзяўчат, у чыстых, няма клікунства, толькі ў баб, і ў баб, якія жывуць з мужамі. Гэтак у нас. Дакладна гэтак жа і ў Еўропе. Усе бальніцы поўны істэрычных жанчын, якія парушаюць закон прыроды. Аднак і клікушы і пацыенткі Шарко — гэта зусім знявечаныя, а напаўкалек жанчын повен свет. Толькі падумаць, якія вялікія змены адбываюцца ў жанчыне, калі яна панесла плод або калі корміць немаўля. Расце тое, што працягвае, замяняе нас. I гэтая святая справа парушаецца — чым жа? — страшна падумаць! I гавораць пра свабоду, правы жанчын. Гэта ўсё роўна, што людаеды выкормлівалі б людзей палонных на ежу і разам з тым пераконвалі б, што яны клапоцяцца аб іх правах і свабодзе.

Усё гэта было новае і ўразіла мяне.

— То як жа? Калі так, то,— сказаў я,— выходзіць, што кахаць жонку можна раз у два гады, а мужчына..

— Мужчыну неабходна,— падхапіў ён.— Зноў мілыя жрацы навукі пераканалі ўсіх. Я б ім, гэтым вешчунам, загадаў выконваць абавязкі тых жанчын, якія, на іх думку, неабходны мужчынам, што б яны тады сказалі? Пераканайце чалавека, што яму неабходна гарэлка, тытунь, опіум, і ўсё гэта будзе неабходна. Выходзіць, што бог не разумеў таго, што трэба, і таму, не папытаўшы ў вешчуноў, кепска ўсё зрабіў. Маеце ласку бачыць, справа не сыходзіцца. Мужчыну трэба і неабходна, гэтак вырашылі яны, задаволіць свой юр, а тут замяшалася дзетараджэнне і кармленне дзяцей, якое перашкаджала задавальненню гэтае патрэбы. Што ж рабіць? Звярнуцца да вешчуноў, яны ўладзяць. Яны і прыдумалі. Ох, калі гэта будуць развенчаны гэтыя вешчуны са сваім ашуканствам? Пара! Дайшло ўжо вось дакуль, вар’яцеюць і страляюцца, і ўсё праз гэта. Ды і як іначай? Жывёліна як быццам ведае, што патомства працягвае яе род, і трымаецца пэўнага закону ў гэтых адносінах. Толькі чалавек гэтага ведаць не ведае і не хоча. I заклапочаны толькі тым, каб мець як мага больш уцехі. I гэта хто ж? Цар прыроды, чалавек. Вось вы заўважце, жывёла сыходзіцца толькі тады, калі можа даць патомства, а паганы цар прыроды — заўсёды, толькі б было прыемна. Мала таго, узводзіць гэты малпін занятак у перл стварэння, у каханне. I ў імя гэтага кахання, гэта значыць, паскудства, губіць — што? — палову роду чалавечага. З усіх жанчын, якія павінны былі б быць памочнікамі ў руху чалавецтва да ісціны і дабра, ён у імя свае ўцехі робіць не памочніц, але ворагаў. Паглядзіце, што стрымлівае паўсюль рух чалавецтва наперад? Жанчыны. А чаго яны такія? А толькі праз гэта. Так, так,— паўтарыў ён колькі разоў і стаў варушыцца, даставаць папяросы і курыць, мусіць, хацеў крышку супакоіцца.