Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 55

Леў Мікалаевіч Талстой

Пачалося з першых дзён і цягнулася ўвесь час, яно ўсё ўзмацнялася і рабілася больш лютым. У глыбіні душы я з першых жа тыдняў зразумеў, што я папаўся, што атрымалася не тое, чаго я чакаў, што жаніцьба не толькі не шчасце, але нешта вельмі цяжкае, аднак я, як і ўсе, не хацеў прызнацца сабе (я не прызнаўся б сабе і цяпер, каб не канец) і хаваў не толькі ад іншых, але ад сябе. Цяпер я дзіўлюся, як я не бачыў свайго сапраўднага становішча. Яго можна было б бачыць ужо таму, што сваркі пачыналіся праз такія прычыны, што немагчыма было потым, калі яны канчаліся, прыгадаць праз што. Розум не паспяваў падрабіць пад пастаянна існуючую варожасць адно да аднаго дастатковых прычын. Аднак яшчэ больш дзіўнаю была недастатковасць прычын да прымірэння. Часам былі словы, тлумачэнні, нават слёзы, але часам.. ох! агідна і цяпер успомніць — пасля самых бязлітасных слоў адно аднаму раптам моўчкі позіркі, усмешкі, пацалункі, абдымкі... Тфу, агіднасць! Як я тады мог не бачыць усяе гэтае брыдоты...

XIII

Зайшлі два пасажыры і сталі ўсаджвацца на дальняй лавачцы. Ён маўчаў, пакуль яны ўсаджваліся, але як толькі яны сціхлі, ён зноў пачаў гаварыць, мусіць, ні на хвіліну не губляючы ніткі свае думкі.

— Што самае кепскае,— пачаў ён,— тэорыя лічыць, што каханне ёсць штось ідэальнае, узвышанае, на практыцы ж каханне ёсць штось паскуднае, свінячае, пра што і гаварыць і ўспамінаць агідна і сорамна. Нездарма ж прырода зрабіла тое, што гэта паскудна і сорамна. А калі паскудна і сорамна, дык гэтак і трэба разумець. А тут, наадварот, людзі робяць выгляд, што паскуднае і сараматнае гэта цудоўнае і ўзвышанае. Якія былі першыя прыкметы майго кахання? А тыя, што я аддаваўся жывёльным празмернасцям, і не толькі не саромеўся іх, але чамусьці нават ганарыўся магчымасцямі гэтых фізічных празмернасцей, зусім не думаючы пры гэтым не толькі пра яе духоўнае жыццё, але нават і пра яе фізічнае жыццё. Я дзівіўся, адкуль бралася наша азлабленне адзін да аднаго, справа ж была зусім зразумелая: азлабленне гэтае было не што іншае, як пратэст чалавечае прыроды супроць жывёліны, якая прыгнятала яе.

Я дзівіўся нашай нянавісці адно да аднаго. А гэта ж і не магло быць іначай. Гэтая нянавісць была не што іншае, як узаемная нянавісць хаўруснікаў злачынства — і за падбухторванне і за ўдзел у злачынстве. Як жа не злачынства, калі яна, няшчасная, зацяжарыла ў першы ж месяц, а наша свінячая сувязь працягвалася? Вы думаеце, што я адступаю ад расказу? Ніколечкі! Гэта я ўсё расказваю вам, як я забіў жонку. На судзе ў мяне пытаюцца, чым, як я забіў жонку. Дурні! думаюць, што я забіў яе тады, нажом, пятага кастрычніка. Я не тады забіў яе, а значна раней. Дакладна гэтак жа, як яны цяпер забіваюць, усе, усе...