Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 54

Леў Мікалаевіч Талстой

Яна не ўмела сказаць. Але ёй было сумна, цяжка. Мусіць, яе змучаныя нервы падказалі ёй ісціну аб паскудстве нашых зносін; але яна не ўмела сказаць. Я стаў дапытвацца, яна нешта сказала, што ёй нудна без маці. Мне здалося, што гэта няпраўда. Я стаў угаворваць яе, нічога не сказаўшы пра маці. Я не зразумеў, што ёй проста было цяжка, а маці была толькі адгаворка. Але яна адразу пакрыўдзілася за тое, што я нічога не сказаў пра маці, як быццам не паверыў ёй. Яна сказала мне, што бачыць, што я не кахаю яе. Я папракнуў яе ў капрызе, і раптам твар яе зусім змяніўся, замест смутку выявілася раздражненне, і яна самымі з’едлівымі словамі пачала папракаць мяне ў эгаізме і бессардэчнасці. Я паглядзеў на яе. Увесь твар яе выяўляў гранічную халоднасць і варожасць, амаль нянавісць да мяне. Памятаю, як я жахнуўся, убачыўшы што. «Як? што? — думаў я.— Каханне — саюз душ, і замест гэтага вось што! Але не можа быць, гэта не яна!» Я быў паспрабаваў супакоіць яе, аднак наткнуўся на такую непераадольную сцяну халоднае, з’едлівае варожасці, што не паспеў я і азірнуцца, як злосць захапіла і мяне, і мы нагаварылі адно аднаму шмат непрыемнасцей. Уражанне ад гэтай першай сваркі было жахлівае. Я называў гэта сваркаю, але гэта была не сварка, а гэта было толькі выяўленне тае прорвы, якая ў сапраўднасці была між намі. Улюбёнасць скончылася задавальненнем пажадлівасці, і асталіся мы адно супраць аднаго ў нашых сапраўдных узаемаадносінах, гэта значыць, двое зусім чужых адно перад адным эгаістаў, якія хочуць прыхапіць сабе як мага болей уцехі ад другога. Я называў сваркаю тое, што адбылося між намі; але гэта была не сварка, гэта былі ўжо нашы сапраўдныя адносіны адно да аднаго, якія выявіліся пасля таго, як была задаволена пажадлівасць. Я не разумеў, што гэтыя халодныя і варожыя адносіны былі нашымі звычайнымі адносінамі, не разумеў гэтага таму, што гэтыя варожыя адносіны спачатку вельмі хутка былі закрыты ад нас уноў народжанай перагоннай пажадлівасцю, гэта значыць, улюбёнасцю.

I я падумаў, што мы пасварыліся і памірыліся і што больш гэтага ўжо не будзе. Аднак у гэты ж першы мядовы месяц вельмі хутка настаў зноў перыяд перасыці, зноў мы перасталі адчуваць патрэбу адно ў адным, і зноў пасварыліся. Другая сварка ўразіла мяне яшчэ болей за першую. Выходзіць, першая не была выпадковасцю, а гэта так і павінна быць і так будзе, думаў я. Другая сварка тым больш уразіла мяне, бо яна ўзнікла па прычыне самай дробязнай. Штосьці, помніцца, праз грошы, якіх я ніколі не шкадаваў і ўжо ніяк не мог шкадаваць для жонкі. Памятаю толькі, што яна гэтак павярнула справу, што нейкая мая заўвага была ўспрынята, як маё жаданне панаваць над ёю праз грошы, на якіх я сцвярджаў быццам бы сваё выключнае права, штосьці немагчымае, недарэчнае, подлае, не ўласцівае ні мне, ні ёй. Я ўзлаваўся, стаў папракаць яе ў недалікатнасці, яна мяне,— і пайшло зноў. I ў словах і ў выразе яе твару і вачэй я ўгледзеў зноў тую ж жорсткую, халодную варожасць, якая раней гэтак здзівіла мяне. З братам, з прыяцелямі, з бацькам, я памятаю, я сварыўся, але ніколі між намі не было тае асаблівае, з’едлівае злосці, якая была тут. Але прайшло колькі часу, і зноў гэтая ўзаемная нянавісць схавалася пад улюбёнасцю, гэта значыць, пажадлівасцю, і я яшчэ суцяшаў сябе думкаю, што гэтыя дзве сваркі былі памылкі, якія можна выправіць. Але вось усчалася трэцяя, чацвёртая сварка, і я зразумеў, што гэта не выпадковасць, а што гэтак павінна быць і гэтак будзе, і я жахнуўся пры думцы, што ж мяне чакае наперадзе. Пры гэтым мучыла мяне яшчэ тая жудасная думка, што адзін я толькі гэтак кепска, непадобна на тое, што я чакаў, жыву з жонкаю, тады як у іншых сямействах гэтага не бывае. Я не ведаў яшчэ тады, што гэта агульны лёс, але што ўсе гэтак жа, як я, думаюць, быццам гэта іх асабістае няшчасце, хаваюць гэтае асабістае, ганебнае сваё няшчасце не толькі ад іншых, але і ад саміх сябе, самі сабе не прызнаюцца ў гэтым.