Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 53

Леў Мікалаевіч Талстой

Ён доўга маўчаў пасля гэтага, выпіў яшчэ чаю, дакурыў папяроску, потым выняў з мяшка новыя і паклаў іх ў сваю старую запэцканую папяросніцу.

— Я разумею вашу думку,— сказаў я,— штосьці падобнае сцвярджаюць шэкеры.

— Так, так, і яны маюць рацыю,— сказаў ён.— Палавая страсць, як бы яна ні была абстаўлена, ёсць ліха, страшэннае ліха, з якім трэба змагацца, а не заахвочваць, як у нас. Словы евангелля аб тым, што той, хто пазірае з пажадлівасцю на жанчыну, ужо пралюбадзейнічаў з ёю, датычацца не толькі чужых жонак, а менавіта — і галоўнае — сваёй жонкі.

XII

— У нашым жа свеце якраз наадварот: калі чалавек яшчэ думаў аб устрыманні, як быў халасты, то, ажаніўшыся, кожны лічыць, што цяпер устрыманне ўжо не патрэбна. Гэтыя ад'езды пасля вяселля, адасабленні, у якія з дазволу бацькоў адпраўляюцца маладыя,— гэта ж не што іншае, як дазвол на распусту. Але маральны закон сам за сябе адплочвае, калі парушаеш яго. Колькі я ні стараўся зрабіць сабе мядовы месяц, нічога не атрымлівалася. Увесь час было гідка, сорамна і маркотна. Аднак вельмі хутка зрабілася яшчэ пакутліва цяжка. Пачалося гэта вельмі хутка. Здаецца, на трэці ці на чацвёрты дзень я застаў жонку сумнаю, стаў распытваць, стаў абдымаць яе, што, як мне здавалася, было ўсё, аб чым яна магла марыць, а яна адхіліла маю руку і заплакала. Чаго?