Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 52

Леў Мікалаевіч Талстой

Вы кажаце: натуральна! Натуральна ёсць. I гэта радасна, лёгка, прыемна і не сорамна з самага пачатку; а тут і агідна, і сорамна, і балюча. Не, гэта ненатуральна! I дзяўчына чыстая, я пераканаўся, заўжды ненавідзіць гэта.

— Як жа,— сказаў я,— як жа тады працягваўся б род чалавечы?

— Толькі б не загінуў род чалавечы! — сказаў са злоснай іроніяй, нібы чакаючы гэтага знаёмага яму і несумленнага пярэчання.— Прапаведуй утрыманне ад дзетараджэння ў імя таго, каб болей было асалоды,— гэта дазволена; а заікніся толькі пра тое, каб утрымлівацца ад дзетараджэння ў імя маралі,— бацюхны, які лямант: род чалавечы пад пагрозаю, бо дзесятак-другі не хочуць і далей быць свіннямі. Прабачце. Мне непрыемна гэтае святло, можна прыкрыць? — сказаў ён, паказваючы на ліхтар.

Я сказаў, што мне ўсё роўна, і тады ён хуценька, як і ўсё, што рабіў, стаў на сядзенне і зашмаргнуў шарсцянаю фіранкаю ліхтар.

— I ўсё ж,— сказаў я,— каб усе прызналі гэта для сябе законам, род чалавечы спыніўся б.

Ён не адразу адказаў.

— Вы кажаце, род чалавечы як будзе працягвацца? — сказаў ён і сеў насупраць мяне, шырака расставіў ногі і нізка ўзлакаціўся на іх.— Навошта яму працягвацца, роду чалавечаму? — сказаў ён.

— Як гэта навошта? — інакш нас не было б.

— А навошта нам быць?

— Як гэта навошта? Каб жыць.

— А жыць навошта? Калі няма мэты ніякае, калі жыццё для жыцця нам дадзена, няма чаго жыць. I калі гэтак, дык Шапенгаўэры і Гартманы ды і ўсе будысты маюць рацыю. Ну, а калі ёсць мэта ў жыцці, то зразумела, што жыццё павінна спыніцца, калі мэта будзе дасягнута. Гэтак яно і атрымліваецца,— гаварыў ён з прыкметным хваляваннем, відаць, надзвычай высока цэнячы сваю думку.— Гэтак яно і атрымліваецца. Вы заўважце: калі мэта чалавецтва — шчасце, дабро, каханне, як хочаце; калі мэта чалавецтва ёсць тое, аб чым сказана ў прароцтвах, што ўсе людзі аб’яднаюцца разам каханнем, што перакуюць коп’і на сярпы і гэтак далей, дык што тады перашкаджае дасягненню гэтае мэты? Перашкаджаюць страсці. З усіх страсцей самая моцная, і ліхая, і ўпартая — палавое, плоцевае каханне, і таму калі знікнуць страсці і апошняя, самая моцная з іх, плоцевае каханне, дык прароцтва збудзецца, людзі аб’яднаюцца разам, мэта чалавецтва будзе дасягнута, і яму нечага будзе жыць. Пакуль жа чалавецтва жыве, перад ім стаіць ідэал і, вядома, ідэал не трусоў або свіней, каб распладзіцца як мага болей, і не малпаў або парыжан, каб як мага больш вытанчана карыстацца ўцехамі палавое страсці, а ідэал дабра, які дасягаецца ўстрыманнем і маральнаю чысцінёю. Да яго заўжды імкнуліся і імкнуцца людзі. I паглядзіце, што атрымліваецца.

Выходзіць, што плоцевае каханне — гэта выратавальны клапан. Не дасягла цяперашняе пакаленне чалавецтва мэты і не дасягла яно толькі таму, што ў яго ёсць страсці, і самая моцная з іх — палавая. А ёсць палавая страсць, ёсць новае пакаленне, значыць ёсць магчымасць дасягнення мэты ў наступным пакаленні. Не дасягла і тое, зноў наступнае, і гэтак да таго часу, пакуль не будзе дасягнута мэта, не споўніцца прароцтва, не аб’яднаюцца людзі разам. А іначай што б атрымалася? Калі дапусціць, што бог стварыў людзей для дасягнення пэўнае мэты, і стварыў бы іх або смяротнымі, без палавое страсці, або вечнымі. Каб яны былі смяротныя, але без палавое страсці, што б атрымалася? Тое, што яны пажылі б і, не дасягнуўшы мэты, памерлі б; а каб дасягнуць мэты, богу трэба было б стварыць новых людзей. А каб яны былі вечныя, то дапусцім (хаця гэта і цяжэй тым жа людзям, а не новым пакаленням выпраўляць памылкі і набліжацца да дасканаласці), дапусцім, яны дасягнулі б праз шмат тысяч гадоў мэты, але навошта тады яны? Куды іх падзець? Менавіта гэтак, як ёсць, лепш за ўсё... Але магчыма вам не да спадобы гэтая форма выказвання, і вы эвалюцыяніст? То і тады атрымліваецца тое ж самае. Вышэйшая парода жывёлін — людская, для таго каб утрымацца ў барацьбе з іншымі жывёлінамі, павінна самкнуцца разам, як пчаліны рой, а не бясконца пладзіцца; павінна гэтак жа, як пчолы, выхоўваць бясполых, гэта значыць, павінна зноў імкнуцца да ўстрымання, а ніяк не да распальвання юру, да чаго якраз і скіраваны ўвесь лад нашага жыцця.— Ён памаўчаў.— Род чалавечы спыніцца? Ды няўжо хто-небудзь, як бы ён ні глядзеў на свет, можа сумнявацца ў гэтым? Гэта несумненна, як смерць. Паводле ўсіх царкоўных вучэнняў настане канец свету, і паводле навуковых вучэнняў непазбежна тое ж самае. Дык што ж тут дзіўнага, калі паводле вучэння духоўнага атрымліваецца тое ж самае?