Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 51

Леў Мікалаевіч Талстой

XI

— Гэтак усе жэняцца, гэтак і я ажаніўся, і пачаўся хвалёны мядовы месяц. Ужо адна назва якая подлая! — злосна прашыпеў ён.— Аднойчы я хадзіў у Парыжы па ўсіх відовішчах і зайшоў глядзець па шыльдзе жанчыну з барадою і вадзянога сабаку. Выявілася, што гэта было не што іншае, як мужчына дэкальтэ ў жаночае сукенцы, і сабака, які быў засунуты ў маржовую скуру, і які плаваў у ванне з вадою. Усё было вельмі мала цікава; аднак калі я выходзіў, дык мяне пачціва праводзіў паказвальнік і, звяртаючыся да публікі ля ўвахода, паказваючы на мяне, казаў: «Вось спытайце ў пана, ці варта глядзець? Заходзьце, заходзьце, па франку з чалавека!» Мне сорамна было сказаць, што глядзець не варта, і той, хто паказваў, мусіць, разлічваў на гэта. Гэтак, відаць, бывае і з тымі, хто паспытаў усю агіднасць мядовага месяца і не расчароўвае іншых. Я таксама не расчароўваў нікога, але цяпер не бачу, чаму не гаварыць праўды. Нават лічу, што неабходна гаварыць пра гэта праўду. Няёмка, сорамна, гідка, шкада і, галоўнае, сумна, да немагчымасці сумна! Гэта штось накшталт таго, што я адчуваў, калі пачынаў курыць, калі мяне ванітавала і цякла сліна, а я глытаў яе і рабіў выгляд, што мне прыемна. Асалода ад курэння, як і ад гэтага, калі і будзе, дык будзе потым: трэба, каб муж і жонка выхавалі ў сабе гэтую загану, для таго, каб атрымаць ад яе асалоду.

— Як загану? — сказаў я.— Вы ж гаворыце пра самую натуральную чалавечую рысу.

— Натуральную? — сказаў ён.— Натуральную? Не, я скажу вам наадварот, што я прыйшоў да пераконання, што гэта не... натуральна. Так, зусім не... натуральна. Спытайце ў дзяцей, спытайце ў нераспуснай дзяўчыны. Мая сястра вельмі маладая пайшла замуж за чалавека ў два разы старэйшага за яе і распусніка. Я памятаю, як мы былі здзіўлены ў ноч вяселля, калі яна, бледная і ў слязах, уцякла ад яго і, калоцячыся ўсім целам, гаварыла, што яна ні ў якім разе, ні ў якім разе не можа нават сказаць пра тое, што ён хацеў ад яе.