Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 50

Леў Мікалаевіч Талстой

Так, вы смеяцёся! — закрычаў ён на мяне а гэта зусім не жарт. Я ўпэўнены, што прыйдзе час, і, магчыма, вельмі хутка, калі людзі зразумеюць гэта і будуць здзіўляцца, як магло існаваць грамадства, дзе дапускаліся ўчынкі, што парушалі грамадскі спакой: аздабленні жаночага цела, якія дазваляліся ў нашым грамадстве, і якія выклікалі пажадлівасць у мужчын. Гэта ж тое самае, што расставіць на дарожках у часе гуляння розныя пасткі,— горш! Чаму азартная гульня забаронена, а жанчыны ў прастытутачных уборах, якія выклікаюць пажадлівасць, не забаронены? Яны ў тысячу разоў больш небяспечныя!

X

— Ну вось, гэтак і мяне злавілі. Я быў, як кажуць, закаханы. Я не толькі ўяўляў яе верхам дасканаласці, я і сябе за гэты час майго жаніхоўства ўяўляў таксама верхам дасканаласці. Бо няма таго нягодніка, які б пашукаў і не знайшоў нягоднікаў у пэўных адносінах горш за сябе, і які таму не змог бы знайсці прычыны ганарыцца і быць здаволеным сабою. Гэтак і я: я жаніўся не праз грошы — карыслівасць тут не мела месца,— не так, як большасць маіх знаёмых жанілася праз грошы або сувязі,— я быў багаты, яна бедная. Гэта адно. Другое, чым я ганарыўся, было тое, што іншыя жаніліся з намерам наперад працягваць жыць у гэткім жа мнагажэнстве, у якім яны жылі да шлюбу; я ж меў цвёрды намер трымацца пасля вяселля аднашлюбнасці, і не было мяжы майму гонару перад сабою за гэта. Так, нягоднік я быў страшэнны і ўяўляў сабе, што я анёл.

Час, калі я быў жаніхом, хутка скончыўся. Без сораму цяпер не магу ўспомніць гэты час жаніхоўства! Якое паскудства! Мелася ж на ўвазе каханне духоўнае, а не плоцевае. Ну, калі каханне духоўнае, духоўная сувязь, дык у словах, размовах, гутарках і павінна была б выявіцца тая духоўная сувязь. Але нічога з гэтага не атрымалася. Гаварыць было, калі мы аставаліся адны, надзвычай цяжка. Якая ж гэта была сізіфава праца. Толькі прыдумаеш, што сказаць, скажаш, зноў трэба маўчаць, выдумляць. Гаварыць не было пра што. Усё, што можна было сказаць пра жыццё, якое чакала нас наперадзе, пра ўладкаванне, пра планы, было сказана, а далей што? Каб мы былі жывёліны, дык ведалі б, што гаварыць нам не трэба; а тут, наадварот, гаварыць трэба і няма пра што, таму што займае не тое, што дазваляецца размовамі. А тут яшчэ гэты агідны звычай цукерак, дзікага абжорства салодкім і ўсе гэтыя паскудныя прыгатаванні да вяселля: размовы пра кватэру, спальню, пасцелі, капоты, халаты, бялізну, туалеты. Вы зразумейце, што калі жэняцца паводле Дамастроя, як казаў гэты стары, дык пярыны, пасаг, пасцель — усё гэта толькі дробязі, звязаныя з таінствам. Аднак у нас, дзе з дзесяці тых, якія ўступаюць у шлюб, наўрад ці ёсць адзін, які не толькі не верыць у таінства, але не верыць нават у тое, што тое, што ён робіць, ёсць пэўнае абавязацельства, дзе са ста мужчын наўрад ці ёсць адзін ужо нежанаты раней і з пяцідзесяці адзін, які загадзя не рыхтаваўся б здрадзіць сваёй жонцы, дзе большасць глядзіць на паездку ў царкву толькі як на зручны выпадак, каб авалодаць пэўнай жанчынай,— падумайце, якое жудаснае значэнне набываюць пры гэтым усе гэтыя падрабязнасці. Вось і атрымліваецца, што ўся справа толькі ў гэтым. Атрымліваецца штосьці накшталт продажу. Распусніку прадаюць наіўную дзяўчыну і абстаўляюць гэты продаж пэўнымі фармальнасцямі.