Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 3

Леў Мікалаевіч Талстой

— Зараз будзе паніхіда; праходзьце.

Шварц, няпэўна пакланіўшыся, прыпыніўся, відаць, не прымаючы і не адхіляючы гэтае прапановы. Праскоўя Федараўна, пазнаўшы Пятра Іванавіча, уздыхнула, падышла да яго, узяла яго за руку і сказала:

— Я ведаю, што вы былі сапраўдны сябар Івана Ільіча...— і паглядзела на яго, чакаючы ад яго адпаведных гэтым словам дзеянняў.

Пётр Іванавіч ведаў, што калі там трэба было хрысціцца, дык тут трэба было паціснуць руку, уздыхнуць і сказаць: «Паверце!» Ён гэтак і зрабіў. I, зрабіўшы гэта, адчуў, што вынік атрымаўся жаданы: што ён узрушаны і яна ўзрушана.

— Хадземце, пакуль там не пачалося; мне трэба пагаварыць з вамі,— сказала ўдава.— Дайце мне руку.

Пётр Іванавіч падаў руку, і яны накіраваліся ва ўнутраныя пакоі, міма Шварца, які маркотна падмаргнуў Пятру Іванавічу. «Вось вам і вінт! Што ж, не крыўдуйце, іншага партнёра возьмем. Хіба што ўпяцярых, пакуль адчэпіцеся»,— сказаў яго дураслівы выгляд.

Пётр Іванавіч уздыхнуў яшчэ глыбей і больш сумна, і Праскоўя Федараўна ўдзячна паціснула ягоную руку. Яны зайшлі ў яе абабітую ружовым крэтонам гасціную з пахмурнаю лямпаю, селі ля стала: яна на канапу, а Пётр Іванавіч на нізенькі пружыністы пуф, які прыкметна скасабочыўся пад ягоным сядзеннем. Праскоўя Федараўна хацела папярэдзіць яго, каб ён сеў на другое крэсла, але зразумела, што гэтае папярэджанне не будзе адпавядаць яе становішчу, і перадумала. Сядаючы на гэты пуф, Пётр Іванавіч прыгадаў, як Іван Ільіч упарадкоўваў гэтую гасціную і раіўся з ім аб гэтым самым ружовым у зялёныя лісточкі крэтоне. Сядаючы на канапу і праходзячы міма стала (наогул уся гасціная была поўна цацак і мэблі), удава зачапілася чорнымі карункамі чорнае мантыльі за разьбу стала. Пётр Іванавіч прыўстаў, каб адчапіць, і вызвалены пад ім пуф пачаў хвалявацца і падштурхоўваць яго. Удава сама ўзялася адчапляць свае карункі, і Пётр Іванавіч зноў сеў, прыціснуўшы пуф, які бунтаваў пад ім. Але ўдава не ўсё адчапіла, і Пётр Іванавіч зноў устаў, і зноў пуф забунтаваў і нават зарыпеў. Калі ўсё гэта скончылася, яна выняла чыстую батыставую насоўку і пачала плакаць. Пятра ж Іванавіча ахаладзіў эпізод з карункамі і барацьба з пуфам, і ён сядзеў насупіўшыся. Няёмкае гэта становішча перапыніў Сакалоў, буфетчык Івана Ільіча, з дакладам аб тым, што месца на могілках, тое, якое вызначыла Праскоўя Федараўна, будзе каштаваць дзвесце рублёў. Яна перастала плакаць і, з выглядам ахвяры зірнуўшы на Пятра Іванавіча, сказала па-французску, што ёй вельмі цяжка. Пётр Іванавіч зрабіў маўклівы знак, які азначаў несумненную ўпэўненасць у тым, што гэта не можа быць іначай.