Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 2

Леў Мікалаевіч Талстой

Бліжэй за ўсіх былі Федар Васільевіч і Пётр Іванавіч.

Пётр Іванавіч быў таварышам па вучылішчы правазнаўства і лічыў сябе абавязаным перад Іванам Ільічом.

Пётр Іванавіч за абедам перадаў жонцы вестку аб смерці Івана Ільіча і меркаванні пра магчымы перавод швагра ў іх акругу і, не кладучыся адпачываць, надзеў фрак і паехаў да Івана Ільіча.

Ля пад'езда кватэры Івана Ільіча стаяла карэта і два рамізнікі. Унізе, у пярэднім пакоі ля вешалкі прыстаўлена было да сцяны глазетавае века дамавіны з кутасікамі і начышчаным парашком галуном. Дзве дамы ў чорным здымалі футэркі.

Адна, сястра Івана Ільіча, знаёмая, другая — незнаёмая дама. Таварыш Пятра Іванавіча, Шварц, спускаўся зверху і, з верхняе прыступкі ўгледзеўшы яго, спыніўся і падмаргнуў, нібы кажучы: «Неразумна распарадзіўся Іван Ільіч; не тое што мы з вамі».

Твар Шварца з англійскімі бакенбардамі і ўся хударлявая постаць у фраку мела, як заўсёды, зграбную ўрачыстасць, і гэтая ўрачыстасць, якая заўсёды супярэчыла жартаўліваму характару Шварца, тут мела асаблівую соль. Гэтак падумаў Пётр Іванавіч.

Пётр Іванавіч прапусціў наперад дам і павольна падаўся за імі да ўсходаў. Шварц не стаў спускацца ўніз, а затрымаўся наверсе. Пётр Іванавіч зразумеў чаму: ён, мусіць, хацеў дамовіцца, дзе павінціць сёння. Дамы падняліся па ўсходах да ўдавы, а Шварц, з сур’ёзна сцятымі, моцнымі вуснамі і гуллівым позіркам, рухам броваў паказаў Пятру Іванавічу направа, у пакой мерцвяка.

Пётр Іванавіч, як заўжды гэта бывае, зайшоў разгублены і не ведаў, што яму трэба рабіць. Адно ён ведаў, што хрысціцца ў такіх выпадках ніколі не зашкодзіць. Што датычыць таго, ці трэба пры гэтым і кланяцца, дык ён не зусім быў упэўнены і таму выбраў сярэдняе: як толькі зайшоў у пакой, пачаў хрысціцца і крышку як бы кланяцца. Наколькі яму дазвалялі рухі галавы і рук, ён разам з тым аглядаў пакой. Два маладыя хлопцы, адзін гімназіст, здаецца пляменнікі, хрысцячыся, выходзілі з пакоя. Бабулька стаяла нерухома. I дама з высока ўскінутымі бровамі штосьці ёй гаварыла шэптам. Дзяк у сурдуце, бадзёры, рашучы, чытаў нешта гучна з выразам, які выключаў любую супярэчнасць; буфетны мужык Гарасім лёгкім крокам прайшоў перад Пятром Іванавічам і штосьці пасыпаў па падлозе. Пётр Іванавіч убачыў гэта і адразу адчуў лёгкі пах трупа, які пачаў ужо гніць. У апошняе сваё наведванне Івана Ільіча Пётр Іванавіч бачыў гэтага мужыка ў кабінеце; ён выконваў абавязкі сядзелкі, і Іван Ільіч асабліва любіў яго. Пётр Іванавіч усё хрысціўся і злёгку кланяўся ў нейкім сярэднім напрамку паміж дамавінаю, дзякам і абразамі на стале ў куце. Потым, калі гэты рух хрышчэння рукою здаўся яму ўжо занадта доўгім, ён прыпыніўся і пачаў разглядаць мерцвяка.

Мярцвяк ляжаў, як заўсёды ляжаць мерцвякі, асабліва цяжка, па-мярцвяцку, патануўшы адубелымі членамі ў подсціле дамавіны, з назаўжды сагнутаю галавою на падушцы, і выстаўляў, як заўсёды выстаўляюць мерцвякі, свой жоўты васковы лоб, запалыя скроні і доўгі нос, які нібыта націскаў на верхнюю губу. Ён вельмі змяніўся, яшчэ больш схуднеў з таго часу, як Пётр Іванавіч апошні раз бачыў яго, але, як ва ўсіх мерцвякоў, твар ягоны папрыгажэў і галоўнае — зрабіўся больш важны, чым быў у жывога. На твары быў выраз таго, што тое, што трэба было зрабіць, зроблена, і зроблена правільна. Апроч таго, у гэтым выразе быў яшчэ папрок ці напамінак жывым. Напамінак гэты здаўся Пятру Іванавічу недарэчным ці ва ўсякім разе такім, які яго не датычыць. Штосьці яму зрабілася не па сабе, і таму Пётр Іванавіч яшчэ раз спехам перахрысціўся і, як яму здалося, вельмі хутка, неадпаведна правілам прыстойнасці, павярнуўся і пайшоў да дзвярэй. Шварц чакаў яго ў прахадным пакоі, расставіўшы шырока ногі і гуляючы абедзвюма рукамі за спіной сваім цыліндрам. Адзін позірк на жартаўлівую, ахайную і элегантную Шварцаву постаць асвяжыў Пятра Іванавіча. Пётр Іванавіч зразумеў, што ён, Шварц, стаіць вышэй за гэта і не паддаецца цяжкім уражанням. Адзін ягоны выгляд казаў: інцыдэнт паніхіды Івана Ільіча ніяк не можа быць сур’ёзнаю прычынаю для прызнання парадку пасяджэння парушаным, гэта значыць, нішто не можа перашкодзіць сёння ж вечарам пстрыкнуць, распячатваючы яе, калодаю карт, у той час як лёкай будзе расстаўляць чатыры неабпаленыя свечкі; наогул няма падставы думаць, што інцыдэнт гэты мог перашкодзіць нам правесці прыемна і сённяшні вечар. Ён і сказаў пра гэта шэптам Пятру Іванавічу, які праходзіў міма, прапануючы аб’яднацца на партыю ў Федара Васільевіча. Але, мусіць, Пятру Іванавічу быў не лёс вінціць сёння ўвечары. Праскоўя Федараўна, невысокая, тлустая жанчына, нягледзячы на ўсё старанне зрабіць адваротнае, усё роўна грубела ад плячэй уніз, уся ў чорным, з накрытаю карункамі галавою, і з гэткімі ж дзіўна ўзнятымі бровамі, як і тая дама, што стаяла насупраць дамавіны, выйшла са сваіх пакояў з іншымі дамамі і, правёўшы іх у дзверы мерцвяка, сказала: