Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 33

Леў Мікалаевіч Талстой

X

Прайшло яшчэ два тыдні. Іван Ільіч ужо не падымаўся з канапы. Ён не хацеў ляжаць у пасцелі і ляжаў на канапе. I, лежачы амаль увесь час тварам да сцяны, ён адзінока пакутаваў усё тыя ж нявырашаныя пакуты і адзінока думаў усё тую ж нявырашаную думу. Што гэта? Няўжо праўда, што смерць? I ўнутраны голас адказваў: так, праўда. Навошта гэтыя мукі? I голас адказваў: а проста так. Далей і апрача гэтага нічога не было.

З самага пачатку хваробы, з таго часу, як Іван Ільіч упершыню паехаў да доктара, ягонае жыццё падзялілася на два процілеглыя настроі, якія змянялі адзін аднаго: то была роспач і чаканне незразумелае і жахлівае смерці, то была надзея і поўнае цікавасці назіранне за дзейнасцю свайго цела. То перад вачыма была адна нырка ці кішка, якая на час ухілілася ад выканання сваіх абавязкаў, то была адна незразумелая жахлівая смерць, ад якой не было ніякага паратунку.

Гэтыя два настроі з самага пачатку хваробы змянялі адзін аднаго; але чым далей ішла хвароба, тым больш сумніцельнымі і фантастычнымі рабіліся меркаванні аб нырцы і тым больш рэальным усведамленне блізкае смерці.

Варта яму было ўспомніць аб тым, чым ён быў тры месяцы таму назад, і тое, што ён цяпер; успомніць, як раўнамерна ішоў ён з гары,— каб разбурылася ўсякая магчымасць надзеі.

У апошні час тае адзіноты, у якой ён знаходзіўся, лежачы тварам да спінкі канапы, тае адзіноты сярод шматлюднага горада і сваіх шматлікіх знаёмых і сям’і,— адзіноты, больш глухой за якую не магло быць нідзе: ні на марскім дне, ні ў зямлі,— у апошні час гэтае страшнае адзіноты Іван Ільіч жыў толькі ўспамінамі аб мінулым. Адзін за адным яму ўяўляліся малюнкі яго мінулага. Пачыналася заўсёды з бліжэйшага па часе і зводзілася да самага далёкага, да маленства, і на ім спынялася. Ці прыгадваў Іван Ільіч гатаваны чарнасліў, які яму прапаноўвалі цяпер есці, ён прыгадваў сыры зморшчаны французскі чарнасліў у маленстве, яго незвычайны смак і густую сліну, калі справа даходзіла да костачкі, і побач з гэтым успамінам смаку ўзнікаў цэлы шэраг успамінаў таго часу: нянька, брат, цацкі. «Не трэба пра гэта... дужа балюча»,— казаў сабе Іван Ільіч і зноў вяртаўся да сучаснасці. Гузік на спінцы канапы і маршчыны саф’яну. «Саф’ян дарагі, нетрывалы; сварка была праз яго. Але саф’ян іншы быў, і іншая сварка, калі мы падралі бацькаў партфель і нас пакаралі, а матуля прынесла піражкі». I думка зноў спынялася на маленстве, і зноў Івану Ільічу было балюча, і ён стараўся думаць пра іншае.

I зноў жа тут, разам з гэтым ходам успамінаў, у ягонае душы ішоў іншы ход успамінаў — пра тое, як пагаршалася, расла яго хвароба. Тое ж, што далей назад, то болей было жыцця. Болей было і дабра ў жыцці, болей было і самога жыцця. I адно і другое зліваліся разам. «Як пакуты ўсё ідуць горш і горш, гэтак і ўсё жыццё ішло ўсё горш і горш»,— думаў ён. Адна светлая кропка там, ззаду, на пачатку жыцця, а потым усё чорнае і чорнае і ўсё хутчэй і хутчэй. «Адваротна прапарцыянальна квадратам адлегласцей смерці»,— падумаў Іван Ільіч. I гэты вобраз каменя, які ляціць уніз усё з большаю хуткасцю, запаў у ягоную душу. Жыццё з яго ўсё большымі пакутамі ляціць шпарчэй і шпарчэй да канца, да жахлівых пакут. «Я лячу...» Ён уздрыгваў, варушыўся, хацеў супраціўляцца; аднак ужо ён ведаў, што супраціўляцца нельга, і зноў стомленымі ад глядзення вачмі, але вачмі, якія не маглі не глядзець на тое, што было перад ім, пазіраў на спінку канапы і чакаў,— чакаў гэтага страшнага падзення, штуршка і разбурэння. «Супраціўляцца нельга,— казаў ён сабе.— Але хоць бы зразумець, навошта гэта? I гэтага нельга. Растлумачыць можна было б, каб сказалі, што я жыў не так, як трэба. Але гэта ўжо немагчыма прызнаць»,— казаў ён сам сабе, прыгадваючы ўсю законнасць, правільнасць і прыстойнасць свайго жыцця. «Гэтага дапусціць ужо немагчыма,— казаў ён сабе, усміхаючыся губамі, як быццам нехта мог бачыць гэтую яго ўсмешку і быць ашуканым ёю.— Няма тлумачэння! Пакуты, смерць... Навошта?»