Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 35

Леў Мікалаевіч Талстой

«А калі гэта так,— сказаў ён сабе,— і я пакідаю жыццё з усведамленнем таго, што загубіў усё, што мне дадзена было, і паправіць нельга, што ж тады?» Ён лёг дагары і стаў зусім па-новаму перабіраць усё сваё жыццё. Калі ён убачыў раніцаю лёкая, потым жонку, потым дачку, потым доктара,— кожны іх рух, кожнае іх слова пацвярджала для яго жахлівую ісціну, якая адкрылася яму ўначы... Ён у іх бачыў сябе, усё тое, чым ён жыў, і выразна бачыў, што ўсё гэта было не тое, усё гэта было жахлівае вялізнае ашуканства, якое засланяла і жыццё і смерць. Усведамленне гэтага павялічвала, падзесяцярала яго фізічныя пакуты. Ён стагнаў і кідаўся і абцягваў на сабе адзежу. Яму здавалася, што яна душыла і ціснула яго. I за гэта ён ненавідзеў іх.

Яму далі вялікую дозу опіуму, ён забыўся; але ў абед пачалося зноў тое ж. Ён гнаў усіх ад сябе і кідаўся з месца на месца.

Жонка прыйшла да яго і сказала:

— Jean, галубок, зрабі гэта для мяне (для мяне?). Гэта не можа зашкодзіць, але часта памагае. Што ж, гэта нічога. I здаровыя часта...

Ён расплюшчыў шырока вочы.

— Што? Прычасціцца? Навошта? Не трэба! А зрэшты...

Яна заплакала.

— Так, мой друг? Я папрашу нашага, ён такі мілы.

— Цудоўна, вельмі добра,— сказаў ён.

Калі прыйшоў свяшчэннік і спавядаў яго, ён памякчэў, адчуў як быццам палёгку ад сваіх сумненняў і ў выніку гэтага ад пакут, і на яго найшла хвіліна надзеі. Ён зноў стаў думаць пра сляпую кішку і магчымасці выпраўлення яе. Ён прычасціўся са слязьмі на вачах.

Калі яго палажылі пасля прычасця, яму зрабілася на хвіліну лёгка, і зноў паявілася надзея на жыццё. Ён стаў думаць пра аперацыю, якую прапанавалі яму. «Жыць, жыць хачу»,— казаў ён сабе. Жонка прыйшла павіншаваць; яна сказала звычайныя словы і дадала:

— Табе лепей, хіба не так?

Не пазіраючы на яе, ён адказаў: так.

Яе адзежа, яе стан, выраз яе твару, гук яе голасу — усё казала яму адно: «Не тое. Усё тое, чым ты жыў і жывеш,— ёсць хлусня, падман, які хавае ад цябе жыццё і смерць». I як толькі ён падумаў гэтак, узнялася ягоная нянавісць і разам з нянавісцю страшэнныя фізічныя пакуты і з пакутамі ўсведамленне непазбежнае, блізкае пагібелі. Штосьці зрабілася новае, пачало вінціць, і страляць, і сціскаць дыханне.

Выраз твару ягонага, калі ён сказаў «так», быў жахлівы. Як толькі сказаў гэтае «так», ён, пазіраючы ёй проста ў твар, незвычайна для свае кволасці хутка павярнуўся ніцма і закрычаў:

— Ідзіце, ідзіце, пакіньце мяне!

XII

З гэтае хвіліны пачаўся той крык, які не сціхаў тры дні і які быў такі жахлівы, што нельга было за дзвюма дзвярыма без жаху чуць яго. У тую хвіліну, як ён адказаў жонцы, ён зразумеў, што ён загінуў, што звароту няма, што настаў канец, зусім канец, а сумненне гэтак і не вырашана, гэтак і застанецца сумненнем.