Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 32

Леў Мікалаевіч Талстой

— Чаго табе трэба? — было першае яснае паняцце, якое магло быць выказана словамі і якое ён пачуў.— Чаго табе трэба? Чаго табе трэба? — паўтарыў ён сабе.— Чаго? — Не пакутаваць. Жыць,— адказаў ён.

I зноў ён увесь аддаўся ўвазе гэткай напружанай, што нават боль не займаў яго.

— Жыць? Як жыць? — спытаў голас душы.

— Так, жыць, як я жыў раней: хораша, прыемна.

— Як ты жыў раней, хораша і прыемна? — спытаў голас. I ён стаў перабіраць у памяці лепшыя хвіліны свайго прыемнага жыцця. Але — дзіўная справа — усе гэтыя лепшыя хвіліны прыемнага жыцця здаваліся цяпер зусім не тым, чым здаваліся яны тады. Усе — апроч першых успамінаў маленства. Там, у маленстве, было штось сапраўды прыемнае, з чым можна было б жыць, каб яно вярнулася. Аднак таго чалавека, які адчуваў гэтае прыемнае, ужо не было: гэта быў як бы ўспамін пра некага іншага.

Як толькі пачыналася тое, вынікам чаго быў цяперашні ён, Іван Ільіч, дык усе былыя радасці цяпер на ягоных вачах знікалі і ператвараліся ў штосьці нікчэмнае і часта агіднае.

I чым далей ад маленства, чым бліжэй да сучаснага, тым больш нікчэмныя і сумніцельныя былі радасці. Пачыналася гэта з Правазнаўства. Там было яшчэ тое-сёе сапраўды добрае: там была весялосць, там была дружба, там былі надзеі. Але ў вышэйшых класах ужо радзей выпадалі гэтыя добрыя хвіліны. Потым, у часе першае службы ў губернатара, зноў паявіліся добрыя хвіліны: гэта былі ўспаміны аб каханні да жанчыны. Потым усё гэта змяшалася, і яшчэ меней стала добрага. Далей яшчэ меней добрага, і што далей, то меней.

Жаніцьба... гэтак нечакана і расчараванне, і пах з жончынага рота, і пажадлівасць, прытворства! I гэтая мёртвая служба, і гэтыя клопаты пра грошы, і так год, і два, і дзесяць, і дваццаць — і ўсё тое ж. I што далей, то ўсё больш мёртвае. З дакладнаю раўнамернасцю я ішоў з гары, а ўяўляў, што іду на гару. Гэтак і было. У грамадскай думцы я ішоў на гару, і роўна нагэтулькі з-пад мяне сплывала жыццё... I вось гатова, памірай!

Дык што ж гэта? Навошта? Не можа быць. Не можа быць, каб такое бессэнсоўнае, брыдкае было жыццё? А калі і сапраўды яно такое брыдкае і бессэнсоўнае было, дык навошта тады паміраць і паміраць у пакутах? Штосьці не так.

«Магчыма, я жыў не так як трэба?» — прыходзіла яму раптам у галаву. «Але як гэта не так, калі я рабіў усё як след?» — казаў ён сабе і адразу ж гнаў ад сябе гэтае адзінае вырашэнне ўсяе загадкі жыцця і смерці як нешта зусім немагчымае.

«Чаго ж ты хочаш цяпер? Жыць? Як жыць? Жыць, як ты жывеш у судзе, калі судовы прыстаў абвяшчае: «Суд ідзе!..» Суд ідзе, ідзе суд,— паўтарыў ён сабе.— Вось ён суд! Але ж я не вінаваты! — выгукнуў ён са злосцю.— За што?» I ён перастаў плакаць і, павярнуўшыся тварам да сцяны, стаў думаць усё пра адно і тое ж: навошта, за што ўвесь гэты жах?

Аднак колькі ён ні думаў, ён не знайшоў адказу. I калі ў галаву прыходзіла, як яна прыходзіла яму часта, думка аб тым, што ўсё гэта адбываецца таму, што ён жыў не так, ён адразу прыгадваў усю правільнасць свайго жыцця і гнаў прэч гэтую дзіўную думку.