Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 34

Леў Мікалаевіч Талстой

XI

Гэтак прайшло два тыдні. За гэтыя тыдні адбылася жаданая для Івана Ільіча і ягонае жонкі падзея: «Пятрышчаў зрабіў фармальную прапанову. Гэта здарылася ўвечары. На другі дзень Праскоўя Федараўна зайшла да мужа, прыкідваючы, як аб’явіць яму аб прапанове Федара Пятровіча, але ў гэтую самую ноч Івану Ільічу зрабілася горш. Праскоўя Федараўна застала яго на той жа канапе, але ў новай паставе. Ён ляжаў дагары, стагнаў і пазіраў перад сабою нерухомымі вачмі.

Яна стала гаварыць пра лекі. Ён перавёў свой позірк на яе. Яна не дагаварыла таго, пра што пачала: гэткая злосць, менавіта да яе, выяўлялася ў гэтым позірку.

— Хрыстом прашу, дай мне памерці спакойна,— сказаў ён.

Яна хацела была пайсці, але ў гэты час зайшла дачка і падышла, каб павітацца. Ён гэтак жа паглядзеў на дачку, як і на жонку, і на яе запытанні пра здароўе, суха сказаў, што ён хутка вызваліць іх усіх ад сябе. Абедзве змоўклі, пасядзелі і выйшлі.

— Хіба ж мы вінаваты? — сказала Ліза маці.— Нібы мы гэта зрабілі! Мне шкада таты, але навошта нас мучыць?

Як звычайна, прыехаў доктар. Іван Ільіч адказваў яму: «так, не», не спускаючы з яго злоснага позірку, і ў канцы сказаў:

— Вы ведаеце, што нічым памагчы не можаце, таму пакіньце.

— Аблягчыць пакуты можам,— сказаў доктар.

— I гэтага не можаце; пакіньце.

Доктар выйшаў у гасціную і паведаміў Праскоўі Федараўне, што дужа кепска, і што адзіны сродак — опіум, каб аблягчыць пакуты, якія павінны быць жахлівыя.

Доктар гаварыў, што ягоныя фізічныя пакуты страшэнныя, і гэта была праўда; аднак больш цяжкія ягоныя пакуты былі душэўныя, і ў гэтым была яго галоўная пакута.

Душэўныя пакуты яго былі ў тым, што ў гэту ноч, пазіраючы на сонны, дабрадушны скуласты Гарасімаў твар, яму раптам прыйшло ў галаву: а што, калі і на самай справе ўсё маё жыццё, свядомае жыццё, было «не тое».

Яму прыйшло ў галаву, што тое, што яму ўяўлялася раней поўнай немагчымасцю, тое, што ён пражыў сваё жыццё не так, як павінен быў, што гэта магла быць праўда. Яму прыйшло ў галаву, што тыя яго ледзь прыкметныя спробы барацьбы супроць таго, што найвышэй пастаўленымі людзьмі лічылася прыстойным, спробы ледзь прыкметныя, якія ён адразу ж гнаў ад сябе,— што менавіта яны і маглі быць сапраўдныя, а ўсё астатняе магло быць не тое. I яго служба, і яго жыццёвае ўладкаванне, і яго сям’я, і гэтыя інтарэсы грамадства і службы — усё гэта магло быць не тое. Ён паспрабаваў абараніць перад сабою ўсё гэта. I раптам адчуў усю слабасць таго, што ён абараняе. I абараняць не было чаго.