Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 112

Леў Мікалаевіч Талстой

«Царыца нябесная, свяціцелю ойча Мікалае, устрымання настаўніку»,— прыгадаў ён учарашнія малебны і абраз з чорным абліччам у залатой рызе і свечкі, якія ён прадаваў для гэтага абраза і якія адразу ж прыносілі яму назад і якія ён крышку абгарэлыя хаваў у скрыню. I ён стаў прасіць гэтага самага Мікалая-цудатворца, каб ён выратаваў яго, абяцаў яму малебен і свечкі. Але тут жа ён добра, несумненна зразумеў, што гэтае аблічча, рыза, свечкі, свяшчэннік, малебны — усё гэта было вельмі важна і патрэбна там, у царкве, але што тут яны нічога не маглі зрабіць яму, што між гэтымі свечкамі і малебнамі і яго бядотным цяперашнім становішчам няма і не можа быць ніякае сувязі. «Трэба не журыцца,— падумаў ён.— Трэба ісці па слядах каня, а то і тыя занясе,— прыйшло яму у галаву.— Ён выведзе, а можа, і злаўлю. Толькі не спяшацца, а то яшчэ горш будзе». Аднак, нягледзячы на намер ісці ціха, ён кінуўся ўперад і бег, увесь час падаў, падхопліваўся і зноў падаў. След каня ўжо быў ледзь прыкметны ў тых мясцінах, дзе снег быў неглыбокі. «Загінуў я,— падумаў Васіль Андрэевіч,— згублю след, і каня не даганю». Але ў тую ж хвіліну, зірнуўшы наперад, ён угледзеў штосьці чорнае. Гэта быў Гняды і не толькі Гняды, але і сані і аглоблі з хусткаю. Гняды, са збітай набак шляёй і зрэб’ем, стаяў цяпер не на ранейшым месцы, а бліжэй да аглобляў і матаў галавой, якую перакручаны повад цягнуў уніз. Выявілася, што засеў Васіль Андрэевіч у той самай лагчыне, у якой яны заселі яшчэ з Мікітам, што конь вёз яго назад да саней і што саскочыў з яго не больш як за пяцьдзесят крокаў ад таго месца, дзе былі сані.

IX

Даклыпаўшы да саней, Васіль Андрэевіч ухапіўся за іх і доўга стаяў так нерухома, стараўся супакоіцца і аддыхацца. На ранейшым месцы Мікіты не было, але на санях ляжала штосьці, занесенае ўжо снегам, і Васіль Андрэевіч здагадаўся, што гэта быў Мікіта. Васіля Андрэевіча цяпер ужо зусім пакінуў страх, і калі ён баяўся чаго, дык толькі таго жудаснага стану, які ён перажыў на кані, і асабліва тады, калі адзін астаўся ў сумёце. Трэба было чаго б гэта ні каштавала не падпусціць да сябе гэтага страху, а каб не падпусціць яго, трэба было рабіць што-небудзь, чым-небудзь заняцца. I таму першае, што ён зрабіў, было тое, што ён, павярнуўшыся спіною на вецер, распусціў Футра. Потым, як толькі ён крышку аддыхаўся, ён вытрас снег з ботаў, з левай пальчаткі, правая была безнадзейна згублена і, мусіць, ужо дзе-небудзь на дзве чвэрці пад снегам; потым ён зноў туга і нізка, як ён падпяразваўся, калі выходзіў з крамы купляць з вазоў хлеб у мужыкоў, зацягнуўся папругаю і падрыхтаваўся што-небудзь рабіць. Першае, што ён вырашыў, гэта выпрастаць нагу каню. Васіль Андрэевіч і зрабіў гэта і, вызваліўшы повад, прывязаў Гнядога зноў да жалезнае дужкі ля перадка і стаў заходзіць ззаду каня, каб паравіць шляю, падсядзёлак і зрэб’е; але ў гэты час убачыў, што на санях нешта заварушылася і з-пад снегу, якім яна была засыпана, паднялася Мікітава галава. Відаць, з вялікім намаганнем Мікіта прыўзняўся і сеў і неяк дзіўна, быццам адганяючы мух, стаў махаць перад носам рукою. Ён махаў рукою і казаў нешта, як здалося Васілю Андрэевічу, зваў яго. Васіль Андрэевіч пакінуў зрэб’е, не паправіўшы яго, і падышоў да саней.