Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 111

Леў Мікалаевіч Талстой

Зноў наперадзе яго зачарнела нешта. Ён узрадаваўся, упэўнены, што цяпер гэта ўжо напэўна вёска. Аднак гэта была зноў мяжа, зарослая чарнобылем. Зноў гэтак жа шалёна матляўся сухі бур’ян, наганяючы чамусьці страх на Васіля Андрэевіча. Але мала таго, што гэта быў такі самы бур’ян,— ля яго ішоў конны след, які заносіла ветрам. Васіль Андрэевіч спыніўся, нагнуўся, прыгледзеўся: гэты быў злёгку занесены след і не мог быць нічый іншы, як яго ўласны. Ён, мусіць, кружыў, і на невялікай прасторы. «Загіну я так!» — падумаў ён, але, каб не паддавацца страху, ён яшчэ больш рашуча стаў паганяць каня, углядаючыся ў белы снежны морак, у якім яму мроіліся нейкія светлыя кропкі, якія адразу ж знікалі, як толькі ён прыглядаўся да іх. Яму нават здавалася, што ён чуе брэх сабак ці завыванне ваўкоў, але гукі гэтыя былі такія слабыя і няпэўныя, што ён не ведаў, ці чуе ён што, ці гэта толькі здаецца яму, і ён, прыпыніўшыся, стаў напружана прыслухоўвацца.

Раптам нейкі страшны, аглушальны крык пачуўся ля ягоных вушэй, і ўсё задрыжала і затрапятала пад ім. Васіль Андрэевіч ухапіўся за шыю каня, але і шыя каня ўся калацілася, і страшны крык стаў яшчэ больш жудасны. Нейкае імгненне Васіль Андрэевіч не мог ачомацца і зразумець, што здарылася. А здарылася толькі тое, што Гняды, ці то падбадзёрваючы сябе, ці то заклікаючы каго на дапамогу, заржаў сваім зычным, залівістым голасам. «Тфу, згінь ты! напалохаў як, пракляты!» — сказаў сабе Васіль Андрэевіч. Аднак і зразумеўшы сапраўдную прычыну страху, ён не мог ужо адагнаць яго.

«Трэба абдумацца, супакоіцца»,— казаў ён сабе і разам з тым не мог стрымацца і ўсё гнаў каня, не заўважаючы таго, што ён ужо ехаў цяпер па ветру, а не супраць яго. Ягонае цела, асабліва калі ехаў ступою, дзе яно было адкрыта і дакраналася падсядзёлка, мерзла і балела, рукі і ногі яго дрыжалі, дыханне было перарывістае. Ён бачыць, што гіне сярод гэтае жудаснае снежнае пустэльні, і не бачыць ніякага сродку ўратавання.

Раптам конь кудысьці грымнуў пад ім і, праваліўшыся ў сумёт, стаў біцца і падаць на бок. Васіль Андрэевіч саскочыў з яго, на хаду скінуў набак шляю, на якую абапіралася ягоная нага, і сарваў падсядзёлак, за які трымаўся, калі саскокваў. Як толькі Васіль Андрэевіч саскочыў з яго, конь справіўся, рвануў уперад, зрабіў скачок, другі, зноў заржаў і, пацягнуўшы за сабою зрэб’е і шляю, знік з вачэй, пакінуўшы Васіля Андрэевіча аднаго ў сумёце. Васіль Андрэевіч кінуўся за ім, але снег быў такі глыбокі і футры на ім такія цяжкія, што, вязнучы кожнай нагой вышэй калена, ён зрабіў не больш дваццаці крокаў, задыхаўся і спыніўся. «Дзялянка, маркачы, арэнда, крама, шынкі, бляхаю крыты дом і свіран, нашчадак,— падумаў ён,— як жа гэта ўсё астанецца? Што ж гэта? Не можа быць!» — мільганула ў ягонае галаве. I чамусьці ён прыгадаў разматлашаны ветрам чарнобыль, міма якога ён праязджаў двойчы, і яго апанаваў такі жах, што ён не верыў у сапраўднасць таго, што з ім было. Ён падумаў: «Ці не сніцца ўсё гэта?» — і хацеў прачнуцца, але прачынацца некуды было. Гэта быў сапраўдны снег, які хвастаў яму ў твар, засыпаў яго і студзіў яго правую руку, з якой ён згубіў пальчатку, і гэта была сапраўдная пустэльня, тая, дзе ён цяпер аставаўся адзін, нібы той чарнобыль, і чакаў хуткай, непазбежнай і недарэчнай смерці.