Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 110

Леў Мікалаевіч Талстой

«Грахі? — падумаў ён і прыгадаў сваё п’янства, прапітыя грошы, жончыны крыўды, лаянку, нехаджэнне ў царкву, незахаванне пастоў і ўсё тое, за што лаяў яго поп на споведзі.— Вядома, грахі. Але хіба я сам іх на сябе напусціў? Гэтакім, мусіць, мяне бог зрабіў. Куды ж дзенешся?»

Гэтак ён падумаў спачатку аб тым, што можа здарыцца з ім у гэтую ноч, і пасля ўжо не вяртаўся да тых думак і паглыбіўся ва ўспаміны, якія самі па сабе лезлі яму ў галаву. То ён успамінаў прыезд Марфы, і п’янства рабочых, і свае адмовы ад віна, то цяперашнюю паездку, і Тарасову хату, і размовы пра дзяліцьбу, то малога свайго, то Гнядога, які сагрэецца цяпер пад гунькаю, то гаспадара, які рыпіць цяпер санямі, варочаючыся ў іх. «Таксама я, няшчасны, не рад, што паехаў,— думаў ён.— Ад такога жыцця паміраць не хочацца. Не тое, што наш брат». I ўсе гэтыя ўспаміны сталі пераплятацца, блытацца ў ягонай галаве, і ён заснуў.

Калі ж Васіль Андрэевіч, сядаючы на каня, гайдануў сані, і задок, да якога прыхіліўся быў спіною Мікіта, моцна тарганула, і полазам яго стукнула ў спіну, ён прачнуўся і хочаш не хочаш вымушаны быў змяніць паставу. Праз сілу выпростваючы ногі і скідаючы з іх снег, ён падняўся, і ў тую ж хвіліну страшэнны холад працяў усё цела. Як толькі Мікіта зразумеў, што да чаго, ён крыкнуў Васілю Андрэевічу, каб той пакінуў яму непатрэбнае цяпер каню зрэб’е, каб укрыцца ім.

Але Васіль Андрэевіч не спыніўся і знік у снежным пыле.

Астаўшыся адзін, Мікіта на хвіліну задумаўся, што яму рабіць. Ісці шукаць жыллё ён адчуваў сябе не ў сілах. Сесці на старое месца ўжо нельга было — яно ўсё было засыпана снегам. I ў санях, ён адчуваў, што не сагрэецца, таму што яму не было чым накрыцца, ягоны ж кафтан і футра цяпер зусім не грэлі яго. Яму было так холадна, як быццам ён быў у адной кашулі. Яму стала страшна. «Бацюхны, айцец нябесны!» — сказаў ён, і ўсведамленне таго, што ён не адзін, а хтосьці чуе яго і не пакіне, супакоіла яго. Ён глыбока ўздыхнуў і, не здымаючы з галавы дзяружкі, залез у сані і лёг у іх на месца гаспадара.

Але і ў санях ён не мог сагрэцца. Спачатку ён калаціўся ўсім целам, потым калатнеча прайшла, і ён пакрысе стаў траціць прытомнасць. Паміраў ён ці засынаў — ён не ведаў, але адчуваў сябе аднолькава гатовым і да таго і да другога.

VIII

Між тым Васіль Андрэевіч і нагамі і канцамі повада гнаў каня туды, дзе ён чамусьці меў на ўвазе лес і вартоўню. Снег сляпіў яму вочы, а вецер, здавалася, хацеў спыніць яго, але ён, сагнуўшыся ўперад і безупынна захінаючы футра і падгортваючы яго паміж сабой і халодным падсядзёлкам, які замінаў яму сядзець, не перастаючы гнаў каня. Конь хоць праз сілу, але паслухмяна ішоў інахаддзю туды, куды ён пасылаў яго.

Хвілін пяць ён ехаў, як яму здавалася, проста, нічога не бачачы, апрача конскае галавы і белае пустэльні, і нічога не чуючы, апрача свісту ветру ля вушэй каня і каўняра свайго футра.

Раптам перад ім зачарнела штосьці. Сэрца радасна забілася у яго, і ён паехаў на гэтае чорнае і ўжо бачыў у ім сцены вясковых хат. Але гэтае чорнае было не нерухомае, а ўсё варушылася, і было не вёскаю, а высокім чарнобылем на мяжы, які тырчаў з-пад снегу і шалёна матляўся пад напорам завірушнага ветру і ўсё хіліўся на адзін бок. I чамусьці выгляд гэтага чарнобылю, якога мучыў неміласэрны вецер, прымусіў здрыгануцца Васіля Андрэевіча; ён стаў паганяць каня, не заўважаючы таго, што ля чарнобылю ён рэзка змяніў ранейшы напрамак і цяпер гнаў каня зусім ужо ў другі бок, па-ранейшаму ўяўляючы, што ён едзе ў той бок, дзе павінна была быць вартоўня. Але конь усё вярнуў управа, і таму ён увесь час скіроўваў яго ўлева.