Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 114

Леў Мікалаевіч Талстой

— Мікіта! — сказаў ён.

— Добра, цёпла,— пачуўся голас знізу.

— Так, так, браток, ледзьве не загінуў я. I ты б замерз, і я...

Ды тут зноў затрымцелі ў яго скулы, і вочы зноў наліліся слязьмі, і ён не мог гаварыць.

«Ну, нічога,— падумаў ён.— Я сам пра сябе ведаю, што ведаю».

I ён змоўк. Гэтак ён ляжаў доўга.

Яму было цёпла знізу ад Мікіты, цёпла і зверху ад футра; толькі рукі, якімі ён прытрымліваў крыссе футра на Мікітавых баках, і ногі, з якіх вецер увесь час адкідаў футра, пачыналі мерзнуць. Асабліва мерзла правая рука без пальчаткі. Але ён не думаў ні пра свае ногі, ні пра рукі, а думаў толькі пра тое, як бы адагрэць мужыка, які ляжаў пад ім.

Некалькі разоў ён кідаў вокам на каня і бачыў, што спіна ў яго раскрыта і зрэб’е са шляёю ляжыць на снезе, што трэба было б накрыць каня, але ён не мог ні на хвіліну пакінуць Мікіты і парушыць таго радаснага стану, у якім ён знаходзіўся. Страху ён цяпер не адчуваў ніякага.

«Тут ужо не выкруціцца»,— казаў ён сам сабе аб тым, што ён адагрэе мужыка, казаў з тым жа самахвальствам, з якім ён звычайна расказваў пра свае пакупкі і продажы.

Гэтак праляжаў Васіль Андрэевіч гадзіну, другую і трэцюю, але ён не заўважаў, як бег час. Спачатку ў яго ўяўленні насіліся ўражанні завірухі, аглобляў і каня пад дугою, успаміны пра Мікіту, які ляжаў пад ім; потым сталі прымешвацца ўспаміны пра свята, жонку, станавога, скрыню для свечак і зноў пра Мікіту, які ляжаў пад гэтай скрыняй; потым сталі мроіцца мужыкі, якія штосьці прадавалі і куплялі, белыя сцены, дамы, крытыя жалезам, пад якімі ляжаў Мікіта; потым усё гэта змяшалася, адно з адным, і, як колеры вясёлкі зліваліся ў адзін белы колер, гэтак розныя ўражанні зліліся ў адно нішто, і ён заснуў. Ён спаў доўга, без сноў, але перад світаннем ізноў паявіліся сны. Уявілася яму, што ён нібыта стаіць ля скрыні для свечак і Ціханава баба патрабуе ў яго пяцікапеечную свечку к святу, і ён хоча ўзяць свечку і даць ёй, але рукі не падымаюцца, астаюцца ў кішэнях. Хоча ён абысці скрыню, а ногі ні з месца, і галёшы, новыя, чыстыя, прыраслі да каменнае падлогі, і іх не адарваць і не зняць. I раптам скрыня для свечак ператвараецца ў пасцель, і Васіль Андрэевіч бачыць сябе на гэтае скрыні, гэта значыць на сваёй пасцелі, у сваім доме. I ляжыць ён на пасцелі і не можа ўстаць, а ўстаць яму трэба, таму што зараз зойдзе па яго Іван Мацвеевіч, станавы, і з Іванам Мацвеевічам трэба ісці ці таргаваць дзялянку, ці паправіць шляю на Гнядым. I пытаецца ён у жонкі: «Што, Мікалаеўна, не прыходзіў?» — «Не, кажа, не прыходзіў». I чуе ён, што пад’язджае нехта да ганка. Мусіць, ён. Не — міма. «Мікалаеўна, чуеш, Мікалаеўна, што ж гэта, усё няма?» — «Няма». I ён ляжыць на пасцелі і ўсё не можа ўстаць, і ўсё чакае, і чаканне гэта і страшнае і радаснае. I раптам вось яна, радасць: прыходзіць той, каго ён чакаў, і гэта ўжо не Іван Мацвеевіч, станавы, а нехта іншы, але той самы, каго ён чакае. Ён прыйшоў і заве яго, і гэты, хто заве яго, той самы, які гукнуў яго і загадаў яму легчы на Мікіту. I Васіль Андрэевіч рады, што гэты нехта прыйшоў па яго. «Іду!» — крычыць ён радасна, і крык гэты будзіць яго. I ён прачынаецца, але прачынаецца зусім ужо не тым, якім ён заснуў. Ён хоча ўстаць — і не можа, хоча паварушыць рукой — не можа, нагой — таксама не можа. Хоча павярнуць галаву — і гэтага не можа. I ён здзіўляецца; але ніколечкі не засмучаецца гэтым. Ён разумее, што гэта смерць, і ніколечкі не засмучаецца і гэтым. I ён прыгадвае, што Мікіта ляжыць пад ім і што ён сагрэўся і жывы, і яму здаецца, што ён — Мікіта, а Мікіта — ён, і што жыццё ягонае не ў ім самім, а ў Мікіце. Ён напружвае слых і чуе дыханне, нават ціхі Мікітаў храп. «Жывы Мікіта, значыць жывы і я»,— з радасцю кажа ён сабе.