Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 109

Леў Мікалаевіч Талстой

«Ах, каб цябе чэрці, праваліся ты!» — злаяў ён сам не ведаючы каго і шпурнуў змятую папяросу. Хацеў быў шпурнуць і запалачніцу, але спыніў рух рукі і сунуў яе ў кішэню. Яго апанаваў такі неспакой, што ён не мог аставацца на месцы. Ён злез з саней і, павярнуўшыся спіною на вецер, пачаў туга і нізка зноў перапяразвацца.

«Чаго ляжаць, смерці чакаць! Сесці верхам — ды і марш,— раптам прыйшло яму у галаву.— Верхам конь не стане. Яму,— падумаў ён пра Мікіту,— усё роўна паміраць. Якое ў яго жыццё! Яму і жыцця не шкада, а мне, дзякуй богу, ёсць чым пажыць...»

I ён, адвязаўшы каня, перакінуў яму павады на шыю і хацеў быў ускочыць на яго, але футра і боты былі такія цяжкія, што ён сарваўся. Тады ён залез на сані і хацеў з саней сесці. Але сані гайдануліся пад ягоным цяжарам, і ён зноў сарваўся. Нарэшце за трэцім разам ён падвёў каня да саней, асцярожна стаў на край іх і дабіўся-такі таго, што лёг жыватом упоперак конскае спіны. Паляжаў гэтак, потым пасунуўся наперад раз, два і, нарэшце, перакінуў нагу цераз спіну каня і сеў, упіраючыся ступнямі ног у шляю. Штуршок саней разбудзіў Мікіту, ён прыпадняўся, і Васілю Андрэевічу здалося, што ён нешта кажа.

— Слухай вас, дурняў! Выходзіць, прападай без дай прычыны? — крыкнуў Васіль Андрэевіч і, засоўваючы пад калені крыссе футра, завярнуў каня і пагнаў яго прэч у тым напрамку, у якім ён меркаваў, што павінен быць лес і вартоўня.

VII

Мікіта, з таго часу як сеў за задком саней, накрыўшыся дзяружкаю, сядзеў нерухома. Ён, як і ўсе людзі, якія жывуць сярод прыроды і ведаюць, што такое галеча, быў цярплівы і мог спакойна, без злосці, чакаць гадзіны, дні нават, не адчуваючы ніякае трывогі. Ён чуў, як гаспадар гукаў яго, але маўчаў, таму што не хацеў варушыцца і гаварыць. Хоць яму яшчэ было цёпла ад выпітага чаю і таму, што ён шмат рухаўся, лазячы па сумётах, ён ведаў, што цяпла гэтага хопіць ненадоўга. Ведаў Мікіта і тое, што сагравацца рухамі ён ужо не будзе мець сілы, бо адчуваў сябе гэткім жа стомленым, як і конь, калі ён спыняецца і не можа, нягледзячы ні на якую пугу, ісці далей, і гаспадар бачыць, што трэба карміць, каб ён зноў мог працаваць. Адна нага яго ў дзіравым боте змерзла, і ён ужо не чуў на ёй вялікага пальца. I, апрача таго, цела ягонае рабілася ўсё халаднейшае і халаднейшае. Думка аб тым, што ён можа і хутчэй за ўсё памрэ гэтай ноччу, прыйшла яму ў галаву, аднак думка гэтая здалася яму ні асабліва непрыемная, ні асабліва страшная. Не асабліва непрыемная здалася таму, што ўсё ягонае жыццё не было сталым святам, а, наадварот, было бясконцай службай, ад якое ён пачынаў стамляцца. Не асабліва ж страшная была гэтая думка таму, што, апрача тых гаспадароў, як Васіль Андрэевіч, якім ён служыў тут, ён адчуваў сябе заўжды ў гэтым жыцці ў залежнасці ад галоўнага гаспадара, таго, які паслаў яго ў гэтае жыццё, і ведаў, што і паміраючы ён астанецца ва ўладзе гэтага ж гаспадара і што гаспадар гэты не пакрыўдзіць. «Шкада кідаць абжытае, прывычнае? Але што рабіць, і да новага прывыкаць трэба».