Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 108

Леў Мікалаевіч Талстой

Мікіта як сеў звечара, гэтак і сядзеў увесь час, не варушыўся і нават не адказваў Васілю Андрэевічу, які разы два гукаў яго. «Яму і гора ніякага, спіць, мабыць»,— з прыкрасцю падумаў Васіль Андрэевіч, паглядаючы цераз задок саней на густа засыпанага снегам Мікіту.

Васіль Андрэевіч уставаў і клаўся разоў дваццаць. Яму здавалася, што канца не будзе гэтай начы. «Цяпер ужо, відаць, блізка і раніца,— падумаў ён неяк, падняўшыся і азіраючыся на бакі.— Дай зірну на гадзіннік. Змерзнеш раскрывацца. Вось даведаюся, што хутка світанне, адразу весялей стане. Запрагаць пачнем».

Васіль Андрэевіч у глыбіні душы ведаў, што да світання яшчэ далёка, але ён усё больш і больш пачынаў хвалявацца і хацеў у адзін і той жа час і праверыць і ашукаць сябе. Ён асцярожна распусціў кручкі паўкажушка і, засунуўшы руку за пазуху, доўга корпаўся, пакуль дастаў да камізэлькі. Ледзь-ледзь выцягнуў ён свой сярэбраны з эмалевымі кветкамі гадзіннік і стаў глядзець. Без агню нічога не відаць было. Ён зноў лёг ніцма на локці і на калені, гэтак жа, як калі закурваў, дастаў запалкі і стаў запальваць. Цяпер ён больш акуратна ўзяўся за справу і, намацаўшы пальцамі запалку з самай вялікай колькасцю фосфара, ён з першага разу запаліў яе. Падсунуўшы цыферблат пад святло, ён зірнуў і вачам сваім не верыў... Было ўсяго дзесяць хвілін на першую. Яшчэ ўся ноч была наперадзе.

«Ох, доўгая ноч!» — падумаў Васіль Андрэевіч і адчуў, як мароз прабег па ягонае спіне. Ён зашпіліў адзежу, зноў укрыўся і, прыхіліўшыся да саней, сабраўся цярпліва чакаць. Раптам праз аднастайны шум ветру ён выразна пачуў якісьці новы, жывы гук. Гук паступова ўзмацняўся, потым гэтак жа паступова пачаў сціхаць. Не было ніякага сумнення, што гэта быў воўк. I воўк гэты выў так недалёка, што нават чутно было, як ён, варочаючы сківіцамі, мяняў гукі свайго голасу. Васіль Андрэевіч адкінуў каўнер і ўважліва слухаў. Гняды таксама напружана слухаў, натапырыўшы вушы, і, калі воўк скончыў сваё калена, пераступіў з нагі на нагу і перасцерагальна пырхнуў. Пасля гэтага Васіль Андрэевіч ужо ніяк не мог не толькі заснуць, але і супакоіцца. Колькі ён ні стараўся думаць пра свае разлікі, справы і пра сваю славу, годнасць і багацце, страх усё больш і больш даймаў яго, і над усімі думкамі пераважала і да ўсіх думак прымешвалася думка аб тым, чаго ён не астаўся начаваць у Грышкаве.

«Бог з ім, з лесам, без яго спраў, дзякуй богу. Эх, начаваць бы! — казаў ён сабе.— Кажуць, п’яныя замярзаюць,— падумаў ён.— А я выпіў». I, прыслухоўваючыся да свайго адчування, ён улавіў, што пачынае калаціцца, сам не ведаючы, чаго ён калоціцца — ад холаду ці ад страху. Ён спрабаваў укрыцца і ляжаць як раней, але не мог гэтага зрабіць. Ён не мог аставацца на месцы, яму хацелася ўстаць, прадпрыняць што-небудзь, каб заглушыць страх, супраць якога ён адчуваў сябе бяссільным. Ён зноў дастаў папяросы і запалкі, але запалак аставалася толькі тры, і ўсе горшыя. Усе тры абцерліся і не запаліліся.