Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 107

Леў Мікалаевіч Талстой

Але раптам нібы штось штурхнула і разбудзіла яго. Ці то Гняды гэта пацягнуў з-пад яго салому, ці то гэта ўнутры штось ускалыхнула яго — толькі ён прачнуўся, і сэрца пачало стукаць гэтак шпарка і гэтак моцна, што яму здалося, што сані трасуцца пад ім. Ён расплюшчыў вочы. Вакол яго было ўсё тое ж, ды толькі здавалася крыху святлейшае. «Світае,— падумаў ён,— мусіць, і да раніцы блізка». Але адразу ж успомніў, што святлей зрабілася толькі таму, што ўзышоў месяц. Ён прыўстаў, зірнуў спачатку на каня.

Гняды па-ранейшаму стаяў задам на вецер і ўвесь калаціўся. Засыпанае снегам зрэб’е захінулася адным бокам, шляя з’ехала набак, і засыпаная снегам галава з ускамлычанай грывай былі цяпер лепш відаць. Васіль Андрэевіч схіліўся да задка і зазірнуў за яго. Мікіта сядзеў у той жа паставе, у якой ён сеў. Дзяружка, якой ён укрыўся, і ногі яго былі густа засыпаны снегам. «Не замёрз бы мужык; кепская вопратка на ім. Яшчэ адкажаш за яго. Да чаго ж народ бесталковы. Вось яна, цемната»,— падумаў Васіль Андрэевіч і хацеў быў зняць з каня зрэб’е і ўкрыць Мікіту, але холадна было ўставаць і варочацца, ды і конь, баяўся, каб не застыў. «I навошта я яго ўзяў? Усё яе дурнота адна!» — падумаў Васіль Андрэевіч, прыгадваючы нялюбую жонку, і зноў пераваліўся на сваё ранейшае месца ля перадка саней. «Гэтак некалі дзядзька ўсю ноч праседзеў у снезе,— прыгадаў ён,— і нічога. Ну, а вось Севасцяна адкапалі,— адразу ўявіў ён другі выпадак,— дык той памёр, адубеў увесь, як туша марожаная.

Астаўся б у Грышкаве начаваць, нічога б не было». I старанна захінуўшыся, так каб цяпло футра нідзе не прападала марна, а ўсюды — і ў шыі, і ў каленях, і ў ступнях — грэла яго, ён заплюшчыў вочы і пастараўся зноў заснуць. Але колькі ён ні стараўся цяпер, ён не мог ужо забыцца, а, наадварот, адчуваў сябе вельмі бадзёра. Зноў ён пачаў падлічваць барышы, даўгі за людзьмі, зноў стаў выхваляцца сам перад сабою і радавацца за сябе і за сваё становішча,— але ўсё цяпер увесь час перабівалася прыхаваным страхам і прыкраю думкаю аб тым, чаго ён не астаўся начаваць у Грышкаве. «Сапраўды: ляжаў бы на лаве, цёпла». Ён колькі разоў варочаўся з боку на бок, усё стараўся знайсці больш зручную і ціхую мясцінку, аднак усе яму здавалася няёмка; ён зноў прыпадымаўся, мяняў паставу, укрываў ногі, заплюшчваў вочы і сціхаў. Але ці то скурчаныя ногі ў моцных валеных ботах пачыналі ныць, ці то прадзімала дзе, ён праз колькі часу зноў з крыўдаю на сябе ўспамінаў пра тое, як бы ён цяпер мог спакойна ляжаць у цёплай хаце ў Грышкаве, і зноў уставаў, варочаўся, хутаўся, і зноў сціхаў.

Неяк Васілю Андрэевічу здалося, што ён чуе далёкі крык пеўняў. Ён узрадаваўся, адкінуў каўнер і стаў напружана слухаць, аднак колькі ён ні напружваў слых, нічога не чуваць было, апрача шуму ветру, які свістаў у аглоблях і матлашыў хустку, і шорхату снегу аб лубок саней.